Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

25.03.2025

Адбыўся беларуска-італьянскі круглы стол у галіне жывёлагадоўлі, тэхналогій перапрацоўкі малака і вытворчасці малочных прадуктаў

25 сакавіка 2025 г. на базе РУП «НПЦ НАН Беларусі па харчаванні» адбыўся беларуска-італьянскі круглы стол у галіне жывёлагадоўлі, тэхналогій перапрацоўкі малака і вытворчасці малочных прадуктаў. Для ўдзелу ў мерапрыемстве ў Мінск прыбыла дэлегацыя прадстаўнікоў сельскагаспадарчых навукова-даследчых цэнтраў, вышэйшых навучальных устаноў і кампаній Італіі.

Як адзначыў старшыня Гандлёва-прамысловай палаты Італія-Беларусь Анджэла Ілардзі падчас беларуска-італьянскага круглага стала, Італія зацікаўлена ў супрацоўніцтве з Беларуссю ў сферы перапрацоўкі малака. Прапрацоўваецца пытанне стварэння на базе сельгаспрадпрыемства «Вусце» НАН Беларусі» сумеснай вытворчасці сыроў. У дзвюх краін ёсць патэнцыял для развіцця супрацоўніцтва ў жывёлагадоўлі не толькі ў навуковай сферы, але і ў камерцыйнай. Намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Пётр Казакевіч звярнуў увагу, што малочная галіна займае значную долю ў экспарце краіны. «Італьянская малочная прадукцыя шырока вядомая на сусветным рынку. Беларускія навукоўцы зараз працуюць над селекцыяй Айчыннай пароды чырвоных кароў, якія будуць даваць малако з вялікім утрыманнем бялку і тлушчу. Такое малако высока цэніцца ў вытворчасці сыроў. Вопыт італьянскіх сыраробаў для нас вельмі цікавы і важны. Беларуская навука адкрыта для шырокага ўзаемадзеяння па ўсіх напрамках, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. Упэўнены, сённяшняя сустрэча дазволіць выпрацаваць узаемапрымальныя варыянты супрацоўніцтва», – адзначыў Пётр Казакевіч. Акрамя сумеснай вытворчасці сыроў, ён бачыць перспектывы ў даследаваннях па тэме ўплыву змяненняў клімату на стан жывёл і іх прадуктыўнасць. Італьянскія навукоўцы ўжо даўно займаюцца гэтым накірункам. Для Беларусі таксама гэтая тэма набывае актуальнасць.

Сустрэча ў НАН Беларусі прайшла не першы раз. У 2024 годзе адбыліся два пасяджэнні беларуска-італьянскага круглага стала. Бакі ўжо працуюць па некаторых напрамках, у прыватнасці, у галіне генетыкі, і нацэлены на далейшае ўзаемадзеянне.

Кіраўнік дыпламатычнай місіі пасольства Італіі ў Беларусі Тамаза П'етра Маркеджані падзякаваў за гасціннасць. «Беларусь прадэманстравала цудоўныя вынікі. Навукова-практычны цэнтр па харчаванні, які сёння мелі магчымасць наведаць, з'яўляецца яркім прыкладам. Прамыслоўцы і навукоўцы, якія прыехалі з Італіі, вельмі задаволеныя. Яны пераканаліся, што мы гаворым на адной мове – мове сучасных тэхналогій і сучасных навуковых даследаванняў. Абмен паміж партнёрамі, якія блізкія па ўзроўні развіцця, становіцца больш прадуктыўным. Важна захаваць такі дух супрацоўніцтва. Мы можам узаемна ўзбагаціць адзін аднаго, абменьваючыся лепшымі дасягненнямі», – адзначыў Тамаза П'етра Маркеджані.

Падчас візіту 25-26 сакавіка 2025 года госці не толькі абмеркавалі перспектыўныя накірункі і механізмы сумеснай навукова-тэхнічнай дзейнасці ў галіне жывёлагадоўлі, тэхналогій перапрацоўкі малака і вытворчасці малочных прадуктаў, але і наведалі арганізацыі Аддзялення аграрных навук НАН Беларусі.