Падпісаны шэраг пагадненняў і мемарандумаў. Вынікі візіту дэлегацыі НАН Беларусі ў Кітай 18-23 сакавіка 2025 года
18-23 сакавіка 2025 года дэлегацыя НАН Беларусі на чале з першым намеснікам Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргеем Чыжыкам знаходзілася з афіцыйным візітам у КНР.
У Харбінскім політэхнічным універсітэце праведзены перамовы з кіраўніком Iнстытута машынабудавання і электратэхнікі ХПУ Гао Хайбах па пытаннях стварэння сумеснай лабараторыі «Перадавыя тэхналогіі пераўтварэння энергіі» ў рамках ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях», а таксама прадстаўнікамі кампаніі Harbin Power Plant Valve Company Limited Харбінскай электратэхнічнай карпарацыі па перспектыўных напрамках супрацоўніцтва ў галіне нанясення пакрыццяў рознага прызначэння на элементы рухавікоў і помпаў. Па выніках сустрэчы падпісаны Мемарандум аб намерах па стварэнні сумеснай лабараторыі паміж Фізіка-тэхнічным інстытутам НАН Беларусі і Харбінскім політэхнічным універсітэтам.
20 сакавіка 2025 г. дэлегацыя НАН Беларусі прыняла ўдзел у канферэнцыі, арганізаванай Навукова-даследчым інстытутам тэхналогій авіяцыйнай прамысловасці правінцыі Хэйлунцзян і Харбінскім політэхнічным універсітэтам. У рамках канферэнцыі падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне авіяцыйнага абсталявання паміж Харбінскім політэхнічным універсітэтам, Гуаньскім сумесным навукова-даследчым інстытутам і фізіка-тэхнічным інстытутам НАН Беларусі. Дэлегацыя наведала навукова-даследчы інстытут кітайскай карпарацыі суднабудаўнічай прамысловасці і была азнаёмлена з асноўнымі напрамкамі дзейнасці.
22 сакавіка 2025 года дэлегацыя НАН Беларусі наведала Нацыянальны аб'яднаны інжынерны цэнтр мікраспадарожнікавых тэхналогій і іх прымянення, Ключавую лабараторыю мікрананасістэм аэракасмічнага прымянення, Нацыянальную ключавую лабараторыю базавай планіроўкі лятальных апаратаў і Нацыянальную ключавую лабараторыю па матэрыялазнаўстве. У ходзе наведвання дэлегацыя была азнаёмлена з асноўнымі распрацоўкамі ў аэракасмічнай вобласці, МЭМС і матэрыялазнаўстве. Таксама частка дэлегацыі на чале з дырэктарам Інстытута хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі А.А. Рагачовым наведала Сіаньскі ўніверсітэт мікраэлектронікі. У ходзе візіту члены дэлегацыі былі азнаёмленыя з асноўнымі распрацоўкамі ў галіне мікраэлектронікі.
23 сакавіка 2025 года дэлегацыя НАН Беларусі прыняла ўдзел у двухбаковай канферэнцыі па прасоўванні супрацоўніцтва, арганізаванай Паўночна-Заходнім політэхнічным універсітэтам. У ходзе канферэнцыі кіраўніком Дэпартамента навукі і тэхналогій правінцыі Шэньсі Цзянь Цзяньчунем была выказана падтрымка стварэнню філіяла НАН Беларусі ў КНР, а таксама былі абмеркаваны арганізацыйныя пытанні яго стварэння. Па выніках канферэнцыі падпісана Пагадненне аб стварэнні сумеснай лабараторыі па перспектыўным аэракасмічным праектаванні і прымяненні ў рамках ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях» паміж Паўночна-Заходнім політэхнічным універсітэтам і НАН Беларусі.