Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

07.04.2025

Выязное прэс-мерапрыемства ў НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі

4 красавіка 2025 года НАН Беларусі сумесна з Нацыянальным прэс-цэнтрам Рэспублікі Беларусь правялі выязное прэс-мерапрыемства для беларускіх СМІ ў НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі. У цэнтры ўвагі – уклад беларускай навукі ў развіццё аграпрамысловага сектара краіны і апошнія распрацоўкі вучоных для АПК. Удзельнікі прэс-тура змаглі наведаць шэраг лабараторый, музей, глебавы канал Цэнтра, выставу сельскагаспадарчай тэхнікі, Эксперыментальны завод. Генеральны дырэктар Цэнтра Дзмітрый Комлач, вучоны сакратар Андрэй Перапячаеў, загадчык лабараторыі механізацыі працэсаў вытворчасці малака і ялавічыны Яўген Жыліч, дырэктар Эксперыментальнага завода Аляксандр Блізнюк распавялі аб інавацыйных распрацоўках, праблеме імпартазамяшчэння, супрацоўніцтве з Расійскай Федэрацыяй.

Гаворачы аб супрацоўніцтве з расійскімі калегамі, генеральны дырэктар НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі Дзмітрый Комлач расказаў, што беларускія і расійскія вучоныя будуць супрацоўнічаць у сферы рабатызацыі ферм і працэсаў у садаводстве. «Добры зачын быў зроблены падчас рэалізацыі папярэдніх праграм Саюзнай дзяржавы. Цяпер абраныя дзве праграмы – «Лічбавая ферма»і «Лічбавае садаводства», – распавёў Дзмітрый Комлач. У сферы жывёлагадоўлі гаворка ідзе аб аўтаматызацыі догляду за сельскагаспадарчымі жывёламі. Работа па некаторых праектах ужо вядзецца. Плануецца распрацаваць і асвоіць у вытворчасці наменклатуру тэхнікі, абсталявання, якія змогуць выконваць неабходныя мерапрыемствы без удзелу чалавека, у тым ліку па раздачы кармоў, уборцы памяшканняў. Сёння больш за 50 працэнтаў сельгастэхнікі і абсталявання, якія выпускаюцца прадпрыемствамі Мінпрама і Мінсельгасхарча, распрацавана ў Цэнтры або пры яго ўдзеле.