Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

10.04.2025

80-я гадавіна Вялікай Перамогі стала галоўнай тэмай сумеснага пасяджэння Прэзідыумаў НАН Беларусі і РАН у Маскве

8 красавіка 2025 года ў Маскве адбылося сумеснае пасяджэнне Прэзідыумаў Расійскай акадэміі навук і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прысвечанае святкаванню 80-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. На пасяджэнні было адзначана, што навукоўцы дзвюх краін асаблівую ўвагу надаюць рабоце па адстойванні гістарычнай праўды, аб'ектыўнаму навуковаму вывучэнню ўсіх найскладанейшых пытанняў гісторыі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў для ўсебаковага асэнсавання і пазітыўнага ўспрымання ў гістарычнай памяці сучасных пакаленняў подзвігу, здзейсненага нашымі народамі ў ваенныя гады. Асноўная навуковая частка мерапрыемства была сканцэнтравана на аналізе ролі навукі ў дасягненні перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама дзейнасці навукоўцаў у гэтыя гады. Былі прадстаўлены даследаванні беларускіх гісторыкаў, накіраваныя на захаванне памяці пра мінулае.

Прэзідэнт РАН, акадэмік Генадзь Краснікаў прапанаваў аб'яднаць рэсурсы для процідзеяння скажэнню гістарычных фактаў і распрацаваць новыя сумесныя праграмы Саюзнай дзяржавы, Расійскай акадэміі навук і НАН Беларусі з прыцягненнем вядучых спецыялістаў-гісторыкаў, работнікаў архіваў і ўсіх зацікаўленых асоб.

У сваю чаргу першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Сяргей Чыжык падкрэсліў, што ўзаемадзеянне паміж Расіяй і Рэспублікай Беларусь пастаянна ўмацоўваецца. Асновай для развіцця супрацоўніцтва служаць праграмы Саюзнай дзяржавы, у рамках якіх ужо паспяхова рэалізавана больш за шэсцьдзесят навукова-тэхнічных праектаў. Акрамя таго, у бягучым годзе прэзідэнты абедзвюх краін падпісалі стратэгічны дакумент, які вызначае прынцыпы стварэння адзінай навукова-інавацыйнай прасторы Беларусі і Расіі. «Наша сустрэча працягне традыцыі эфектыўнай работы на нашай пастаянна дзеючай пляцоўцы для шырокага абмену думкамі, дыялогу паміж навукоўцамі нашых краін для выпрацоўкі механізмаў і метадаў, накіраваных на навуковае забеспячэнне эканамічнага росту і ўстойлівага развіцця нашых краін», – адзначыў Сяргей Чыжык.
Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі праекты ў галіне абароны гістарычнай памяці, а таксама ўклад у перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне вучоных дзвюх краін. З дакладам «Ратны подзвіг савецкай навукі» выступіў дырэктар Інстытута гісторыі прыродазнаўства і тэхнікі ім. С. I. Вавілава РАН Раман Фандо. Дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза прадставіў навуковы даклад на тэму «Вялікая Айчынная вайна ў даследаваннях беларускіх гісторыкаў». Дырэктар Інстытута гісторыі і археалогіі Уральскага аддзяленне РАН Ігар Пабярэжнікаў раскрыў ролю дасягненняў навукі ў ваенныя гады ў дакладзе «Акадэмія навук СССР на службе Айчыне: выпрабаванне вайной». Мікалай Мыслівец, дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, прывёў апошнія дадзеныя сацыялагічных даследаванняў беларускіх вучоных у дакладзе на тэму «Вялікая Айчынная вайна ў гістарычнай памяці жыхароў Беларусі». На пасяджэнні не была забытая і тэма ролі дасягненняў аграрнай навукі ў ваенныя гады. Так, пра ўклад сельскагаспадарчай навукі ў перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне далажыў акадэмік РАН Вячаслаў Чарнаіванаў. З дакладам «Аграрная навука ў гады Вялікай Айчыннай вайны: подзвіг беларускіх вучоных» выступіў дырэктар Інстытута глебазнаўства і аграхіміі НАН Беларусі Юрый Шашко.
У ходзе сумеснага пасяджэння Прэзідыумаў РАН і НАН Беларусі, у якім прыняла ўдзел намеснік Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Алена Богдан, адбылося ўручэнне прэмій Расійскай акадэміі навук і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў галіне навукі расійскім навукоўцам за выдатныя навуковыя вынікі, атрыманыя ў ходзе сумесных даследаванняў. Дыпломы беларускім навукоўцам былі ўручаныя раней.
Удзельнікі сумеснага пасяджэння Прэзідыумаў РАН і НАН Беларусі прынялі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі ўскладання кветак ля мемарыяла супрацоўнікам Прэзідыума Акадэміі, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Фота – РАН і НАН Беларусі