14 красавіка 2025 года ў НАН Беларусі адбылася ўрачыстая сустрэча ўдзельнікаў 17-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі. У Акадэміі навук сабраліся ўдзельнікі 17-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі, беларускіх антарктычных экспедыцый розных гадоў; супрацоўнікі арганізацый аддзяленняў НАН Беларусі, якія ўдзельнічаюць у антарктычнай тэматыцы; кіраўнікі навуковых арганізацый НАН Беларусі, маладыя навукоўцы. У холе першага паверха была разгорнута спецыяльная фотавыстава.
Як адзначыў падчас урачыстай сустрэчы палярнікаў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, антарктычныя экспедыцыі гэтак жа значныя для беларускай навукі, як і палёт у космас. «Мы надаём антарктычным экспедыцыям прыкладна такое ж значэнне і статус, як і касмічнаму палёту. Па складанасці, па экстрэмальнасці яны не саступаюць. Гэта працяглае знаходжанне ў суровых умовах – паніжаных тэмператур, вялікіх вятроў і гэтак далей. Палярныя даследаванні – перспектыўны напрамак для нашай навукі, іх вынікі атрымліваюць міжнароднае прызнанне. Перад ад'ездам 17-й экспедыцыі прайшла сустрэча з кіраўніком дзяржавы, дзе былі пастаўлены вострыя пытанні аб рабоце Беларускай антарктычнай станцыі, яе функцыях, развіцці. І гэта правільна, бо важней за ўсё тое, што антарктычныя экспедыцыі даюць краіне», – сказаў Уладзімір Гусакоў. Са словамі прывітання выступілі: начальнік Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў Уладзімір Рыжыкаў, дырэктар Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Сяргей Лысенка, дырэктар Цэнтра маніторынгу азонасферы БДУ Аляксей Яротаў.
Начальнік Беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксей Гайдашоў падзяліўся вынікамі экспедыцыі, распавёў пра асаблівасці працы ў гэты палявы сезон. 17-я БАЭ працягвалася 168 дзён. Удзельнікі экспедыцыі выканалі мантаж новага аб'екта Беларускай антарктычнай станцыі – кают-кампаніі. Таксама вялікая работа была праведзена па мадэрнізацыі ўжо наяўнай інфраструктуры БАС, а гэта і лініі электраперадачы, і сістэма водазабеспячэння. Удзельнікі экспедыцыі выконвалі комплекс з васьмі навуковых праграм. Усе навуковыя праграмы рэалізаваны паспяхова, уключаючы практыка-арыентаваныя. Прайшлі апрабацыю ў неспрыяльных умовах Антарктыкі новыя прыборныя комплексы, прамысловыя вырабы, матэрыялы і методыкі, распрацаваныя ў навуковых і вытворчых арганізацыях краіны. Сярод асноўных напрамкаў – даследчыя праекты ў сферы экалогіі, вывучэнне мясцовых рэсурсаў. Атрыманыя ў Антарктыдзе дадзеныя лягуць у аснову новых навуковых публікацый сусветнага ўзроўню.
Падчас урачыстай цырымоніі НАН Беларусі быў перададзены сцяг Беларусі, які быў узняты на полюсе холаду Зямлі – унутрыкантынентальнай станцыі Усход. Гэта падзея адбылася ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі. На полюсе холаду быў узняты і сцяг Беларускай антарктычнай экспедыцыі. Падняў беларускі сцяг на полюсе холаду Зямлі супрацоўнік 17-й БАЭ Уладзімір Несцяровіч. Ён прымаў удзел у правядзенні ўнутрыкантынентальных санна-гусенічных паходаў на расійскую станцыю Усход. У завяршэнне цырымоніі членам экспедыцыі былі ўручаны сертыфікаты ўдзельнікаў 17-й БАЭ, ганаровыя і падзячныя граматы НАН Беларусі і памятныя сувеніры.