Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

30.04.2025

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў павіншаваў навуковую грамадскасць са Святам працы

       Паважаныя калегі!

       Ад імя Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і ад сябе асабіста віншую вас са Святам працы!

       Гэты дзень адзначаецца ў розных краінах і аб'ядноўвае шматлікія мільёны людзей па ўсім свеце. Ён стаў сімвалам сацыяльнай справядлівасці і свабоды, заклікам да салідарнасці.

       У нашай краіне – гэта яркі сімвал адзінства народа і дзяржавы, увагі да спадзяванняў кожнага чалавека. Сёлета 1 Мая набывае асаблівае гучанне. Бо добрасумленная праца, праслаўленне чалавека-працаўніка – ключавыя напрамкі распачатай пяцігодкі якасці і аб'яўленага Года добраўпарадкавання.

       Падчас сустрэч з працоўнымі калектывамі наш Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка не раз рабіў асаблівы акцэнт на тым, што дасягненні краіны складаюцца з укладу кожнага: «Поспехі краіны – гэта заўсёды калектыўная праца. Так было, так ёсць і так будзе». І сёння ў Беларусі адкрыты ўсе дарогі тым, хто гатовы працаваць, даваць вынік.

       Навукоўцы заўсёды ўмелі прадуктыўна працаваць на карысць грамадства. Акадэмія навук уносіла і ўносіць істотны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны, штогод павялічваючы аб'ёмы работ па навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці. Беларускія даследчыкі паспяхова працуюць у многіх галінах навуковых даследаванняў. З дапамогай найноўшых навуковых дасягненняў Беларусь забяспечвае вырашэнне прыярытэтных задач. Так, цеснае ўзаемадзеянне акадэмічнай, вузаўскай і галіновай навукі дае вынікі, запатрабаваныя ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, медыцыне, адукацыі, многіх іншых сферах грамадскага развіцця.

       Напярэдадні 1 Мая па ўсёй краіне праходзіць ушанаванне перадавікоў. Адной з найбольш наглядных форм з'яўляюцца Дошкі Гонару, куды заносяцца лепшыя калектывы і работнікі. У Акадэміі навук гэтая традыцыя беражліва захоўваецца.

       Хачу выказаць падзяку ўсім супрацоўнікам НАН Беларусі за выніковую працу, адданасць навуцы і імкненне да заваявання новых вяршынь. Хай гэтае свята матывуе кожнага на новыя здзяйсненні.

       Жадаю работнікам Акадэміі навук моцнага здароўя, дабрабыту, творчых поспехаў. Хай праца і яе вынікі прыносяць радасць!



       Уладзімір ГУСАКОЎ,
       Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік