6–7 мая 2025 г. у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Вялікая Перамога ў імя міру і стварэння (да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне)».
На ўрачыстым адкрыцці з прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў Форуму звярнуліся Старшыня Прэзідыума Уладзімір Гусакоў, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Сергяенка, Веніямін – Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, міністр адукацыі Андрэй Іванец, прадстаўнікі Генеральнай пракуратуры, грамадскіх аб'яднанняў «Белая Русь» і «Беларускі фонд міру», іншыя высокія госці.
Міжнародны Форум, праграма якога шырокая і разнастайная, аб'яднаў навукоўцаў-гісторыкаў з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Курскай, Смаленскай, Тамбоўскай і Тульскай абласцей, Рэспублікі Татарстан, Чувашскай і Чачэнскай Рэспублікі, Казахстана, Узбекістана і Кыргызстана. Беларуская гістарычная навука прадстаўлена на канферэнцыі навукоўцамі з 55 беларускіх і 18 замежных арганізацый: акадэмічных інстытутаў, вышэйшых навучальных устаноў, музеяў, архіваў, бібліятэк, школ.
У ходзе работы канферэнцыі былі разгледжаны пытанні сучасных падыходаў да асвятлення падзей Вялікай Айчыннай вайны, міжнародных адносін напярэдадні і ў гады Вялікай Айчыннай вайны, асветлены ключавыя бітвы Вялікай Айчыннай вайны, нацысцкі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі (1941-1944 гг.) і штодзённасць ва ўмовах акупацыі, дзейнасць калабарацыянісцкіх арганізацый і генацыд беларускага народа, савецкі партызанскі рух і дзейнасць падпольных арганізацый на тэрыторыі Беларусі, захаванне гістарычнай памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны і яе мемарыялізацыя, уклад савецкага народа ў перамогу над нацызмам, адлюстраванне гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў вучэбна-выхаваўчым працэсе ў школах, сярэдніх спецыяльных навучальных установах, ВНУ і многія іншыя.
У рамках канферэнцыі былі ўручаны дыпломы лаўрэатам XVIII Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі «Вялікая Айчынная вайна 1941-1945 гадоў у гістарычнай памяці народа», якую вось ужо 18 гадоў запар арганізуюць Інстытут гісторыі НАН Беларусі і Гімназія № 174 г. Мінска (больш за 100 навучэнцаў з усіх абласцей краіны і Мінска).
Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Вялікая Перамога ў імя міру і стварэння (да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне)» праводзіцца ў адпаведнасці з планам падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемстваў па святкаванні 80-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка ад 5 кастрычніка 2023 г.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.