У Мінску 15–17 мая 2025 г. пройдзе ІV Міжнародны Форум даследчыкаў беларускай казкі і міфалогіі
15–17 мая 2025 г. Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праводзіць ІV Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі і міфалогіі. У навуковай канферэнцыі возьмуць удзел даследчыкі з Беларусі, Расіі, Эстоніі, Славакіі, Абхазіі, Кітая. У праграме - навуковыя даклады, круглыя сталы «Беларуская міфалогія: ад аўтэнтыкі да містыфікацый» і “Сучасная літаратурная казка: паміж выдумкай і праўдай”, выступленні майстроў казкавага жанру і падвядзенне вынікаў дзіцячага конкурсу апавядальнікаў беларускай народнай казкі.
15 мая 2025 года ў 10.00–13.00 ў НАН Беларусі (пр. Незалежнасці, 66, малая канферэнц-зала (каб. 216) пройдзе адкрыццё і пленарнае пасяджэнне навуковай канферэнцыі. Будуць дэманстравацца выставы графічных твораў з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, кніжных выданняў з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Музычнае суправаджэнне – выступ капэлы традыцыйнай беларускай музыкі «Анягож».
Пасяджэнні секцый навуковай канферэнцыі «Народная казкавая проза ў еўрапейскай прасторы: архаічная традыцыя vs сучасная інтэрпрэтацыя» пройдуць 15-га мая з 14.00 па адрасе: вул. Сурганава, д. 1, к. 2. і 16 мая з 10 гадзін.
15 мая па адрасе вул. Сурганава, д. 1, к. 2. адбудзецца круглы стол «Беларуская міфалогія: ад аўтэнтыкі да містыфікацый» у зале 302 з 14.00 да 17.00.
16 мая будзе працаваць адкрыты круглы стол “Сучасная літаратурная казка: паміж выдумкай і праўдай” (пачатак у 9.00). Затым адбудзецца прэзентацыя апошніх кніжных выданняў аўтарскіх казак. 16 мая ў 14.30 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы па адрасе вул. Сурганава, д. 15. пройдуць выступленні майстроў казкавага жанру і падвядзенне вынікаў дзіцячага конкурсу апавядальнікаў беларускай народнай казкі. Выступяць нашы ўжо сталыя госці Глухатарэнка Людміла Фёдараўна (в. Санюкі, Ельскі р-н), Галкоўскі Аляксандр Мікалаевіч (в. Судзілы, Клімавіцкі р-н) і інш.
У межах Форуму праводзіўся Дзіцячы конкурс выканальнікаў беларускай казкі для ўдзельнікаў да 17 гадоў. Дзецям трэба было зняцца ў відэароліку, у якім удзельнік расказвае беларускую народную казку і загрузіць ролік у сацыяльныя сеткі (Tik Tok, Instagram, Facebook, YouTube і інш.) з адпаведнымі хэштэгамі. Да 11 мая экспертнае журы падвядзе вынікі конкурса і вызначыць пераможцаў. Падчас Форума будуць прадстаўлены лепшыя выступы, а пераможцаў і ўдзельнікаў чакаюць прызы ад партнёраў форума – кампаніі “Белдзяржстрах” і Мінскага гадзіннікавага завода “Луч”, Беларускага фонду міра, радыёканала “Культура”. ПРАГРАМА