7 мая 2025 года, напярэдадні Дня Перамогі, дэлегацыя НАН Беларусі на чале са Старшынёй Прэзідыума Уладзімірам Гусаковым усклала кветкі да абеліска загінуўшым ваеннапалонным і грамадзянскім асобам на 9-м кіламетры Маскоўскай шашы ва Уруччы. Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел намеснікі Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмікі-сакратары Аддзяленняў навук, кіраўнікі арганізацый, гісторыкі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, маладыя навукоўцы.
Уладзімір Гусакоў адзначыў, што вучонымі НАН Беларусі праводзіцца карпатлівая работа па аднаўленні імёнаў тых, хто да гэтага часу спачывае ў безыменных магілах. «Трэба працягваць праводзіць навуковыя даследаванні, бо сёння яшчэ столькі невядомых старонак гісторыі. Неабходна даносіць людзям праўду, у першую чаргу, моладзі. Памяць пра мужнасць савецкіх людзей – частка нашага генетычнага кода», – падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.
Гаворачы аб цане, якую савецкі народ заплаціў за Вялікую Перамогу, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя прывёў лічбы: «Усяго за гады вайны ва Узброеныя сілы было прызвана каля 34 мільёнаў чалавек. 27 мільёнаў ахвяр заплаціў савецкі народ, у тым ліку каля 3 мільёнаў – мы, беларусы».
Абеліск загінуўшым ваеннапалонным і грамадзянскім асобам на 9-м кіламетры Маскоўскай шашы ва Уруччы ўзведзены ў памяць пра больш чым 30 тысяч савецкіх ваеннапалонных, партызан і мірных грамадзян, расстраляных і закатаваных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941-1943 гг. На мемарыяльнай пліце выбіты імёны воінаў, якія загінулі ў раёне Уручча. Супрацоўнікі Інстытута гісторыі прымалі непасрэдны ўдзел у рабоце па ўстанаўленні звестак аб масавых пахаваннях і загінуўшых героях.
Напярэдадні Дня Перамогі супрацоўнікі навуковых арганізацый НАН Беларусі наведваюць месцы воінскай славы, праводзяць работу па добраўпарадкаванні пахаванняў навукоўцаў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і ўскладаюць кветкі да мемарыяльных комплексаў, абеліскаў, помнікаў, брацкіх магіл і магіл невядомых салдат.