15-17 мая 2025 года ў НАН Беларусі праходзіў IV Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі і міфалогіі. У навуковай канферэнцыі прынялі ўдзел навукоўцы з Беларусі, Расіі, Эстоніі, Славакіі, Абхазіі і Кітая. У праграме – навуковыя даклады, круглыя сталы «Беларуская міфалогія: ад сапраўднасці да містыфікацый» і «Сучасная літаратурная казка: паміж выдумкай і праўдай», выступленні майстроў казачнага жанру, падвядзенне вынікаў дзіцячага конкурсу апавядальнікаў беларускіх народных казак. У рамках форуму таксама працавалі выставы графічных твораў з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, кніжных выданняў з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі ім. Якуба Коласа НАН Беларусі.
Выступаючы на ўрачыстым адкрыцці форуму, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Гусакоў назваў традыцыйную беларускую казку найярчэйшым жанрам фальклору. На яго думку, прафесіяналы і аматары мінулых эпох і сучаснасці збіраюць і захоўваюць народныя казкі з тым, каб праз іх больш глыбока асэнсоўваць і спасцігаць характар беларускага этнасу, яго псіхалогію і жыццёвую філасофію. Дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі акадэмік Аляксандр Лакатко распавёў, што правядзенне такога форуму ў НАН стала ўжо традыцыяй. «Гэта чацвёрты міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі і міфалогіі. Зараз вельмі вялікую ролю ў фарміраванні самасвядомасці, гістарычнай памяці, прадстаўлення аб малой радзіме і аб Беларусі адыгрывае духоўная культура. Традыцыям духоўнай культуры надаецца вельмі вялікае значэнне ў розных напрамках, у тым ліку і ў вывучэнні такога багатага і разнастайнага жанру, як традыцыйная народная казка», – адзначыў ён. Паводле інфармацыі акадэміка Аляксандр Лакатко, за два гады пасля III-га Міжнароднага форуму даследчыкаў беларускай казкі і міфалогіі былі адкрыты дзве серыі кніг. Гэта пяць кніг серыі «З народнапаэтычнай спадчыны» (балады, легенды, загадкі, паданні, казкі) на беларускай, кітайскай і англійскай мовах з цудоўнымі ілюстрацыямі, выкананымі мастакамі Акадэміі мастацтваў. Другая серыя – «Народныя казкі». Іх было тры выпускі.