Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

20.05.2025

Адбудзецца канферэнцыя «Шарашова і Пружанскі край: этнаграфічная, фальклорная, архітэктурная і мастацкая спадчына рэгіёна»

22-23 мая 2025 г. у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя «Шарашова і Пружанскі край: этнаграфічная, фальклорная, архітэктурная і мастацкая спадчына рэгіёна», прысвечаная 645-годдзю г. п. Шарашова*, радзімы выбітных даследчыкаў-этнографаў Паўла Баброўскага і Юзэфа Ігнацiя Крашэўскага.

У рабоце навуковага форуму, арганізаванага аддзелам народазнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі сумесна з Пружанскім раённым выканаўчым камітэтам, прымуць удзел больш за 60 даследчыкаў, навукоўцаў і спецыялістаў у галіне навукі, культуры, адукацыі з Мінска, Гродна, Брэста і Брэсцкай вобласці. У іх ліку 9 дактароў навук, 28 кандыдатаў навук.

Удзельнікі канферэнцыі абмяркуюць вынікі сваіх навуковых даследаванняў рэгіёна, яго культурны і турыстычны патэнцыял, актуальныя праблемы этналогіі і іншых гуманітарных дысцыплін. Запланавана работа круглага стала «Пружанскі рэгіён у Вялікай Айчыннай вайне (да 80-годдзя Вялікай Перамогі)».

Падчас канферэнцыі запланавана прэзентацыя кнігі «Шарашова і Пружанскі край: этнаграфічная, фальклорная, архітэктурная і мастацкая спадчына рэгіёна. Даследаванні і матэрыялы» (Мінск: Бел. навука, 2025).

Культурная праграма навуковага форуму прадугледжвае правядзенне краязнаўчых экскурсій у Шарашове і Пружанах.

Правядзенне канферэнцыі ў Пружанскім раёне – рэгіёне Беларусі з багатым гістарычным мінулым, унiкальнымi самабытнымі традыцыямі матэрыяльнай і духоўнай культуры, дазволіць прыцягнуць увагу да пазітыўнага вопыту захавання культурнай спадчыны, што важна для выхавання патрыятызму, павагі да роднага краю, развіцця супрацоўніцтва паміж вучонымі, дзеячамі культуры, педагогамі.

*Шарашова – г. п. у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці з багатай гісторыяй, радзіма выбітных даследчыкаў – этнографаў Паўла Баброўскага і Юзафа Ігнацiя Крашэўскага. Ад назвы населенага пункта паходзяць Шарашоўскае Евангелле і вядомыя помнікі беларускага сакральнага жывапісу і скульптуры XVII стагоддзя. У Шарашове добра захавалася традыцыйная забудова, помнікі архітэктуры, якія з'яўляюцца ў нашы дні аб'ектамі вывучэння для даследчыкаў розных напрамкаў. Усё гэта абумоўлівае ўвагу да гэтага месца гісторыкаў, этнолагаў, фалькларыстаў і мастацтвазнаўцаў.

Тэгi
#анонсы