НАН Беларусі на «MILEX-2025» прадстаўляе звыш 110 інавацыйных распрацовак
На XII Міжнароднай выставе ўзбраення і ваеннай тэхнікі «MILEX-2025» 14 арганізацый НАН Беларусі прадстаўляюць звыш 110 распрацовак, накіраваных на забеспячэнне абароны і бяспекі дзяржавы.
Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця выставы прынялі ўдзел першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык і намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Алег Чарнышоў.
На калектыўнай экспазіцыі Акадэміі навук РУП «Навукова-вытворчы цэнтр шматфункцыянальных беспілотных комплексаў» прадстаўляе лінейку беспілотных лятальных апаратаў: «Бусел МКР», «Буравеснік МК», «Арол» і інш.
Сярод распрацовак навукоўцаў ДНУ «Фізіка-тэхнічны інстытут НАН Беларусі» – сучасныя бронекамізэлькі, металічныя і керамічныя бронепласціны, супрацьпульныя шчыты, чахлы для вайскоўцаў і байцоў спецыяльных падраздзяленняў.
ДНУ «Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі» на выставе прадставіў паслугі па генетычнай ідэнтыфікацыі чалавека па ДНК і комплексы па генетычным тэсціраванні ваеннаслужачых і асоб іншых экстрэмальных прафесій: комплекс «Сіла і цягавітасць» – вызначэнне ўстойлівасці да павышаных фізічных нагрузак; комплекс «Здароўе» – вызначэнне генетычнай схільнасці да захворванняў; комплекс «Стрэсаўстойлівасць» – вызначэнне ўстойлівасці да стрэсаў і псіхаэмацыйных нагрузак.
ДНУ «Аб'яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі» дэманструе на «MILEX-2025» інавацыйныя абаронныя распрацоўкі. Сярод іх: праграмна-інфармацыйны комплекс аўтаматызаванай падрыхтоўкі карт да выдання (ПІК ВЫДАННЕ-М); праграмна-інфармацыйны комплекс падтрымкі прыняцця рашэнняў на аснове аналізу аператыўна-тактычных уласцівасцяў мясцовасці (ГІС-ВН-2М). Макет мабільнай геаінфармацыйнай сістэмы, распрацаваны на базе комплексу ГІС-ВН-2М, прадстаўлены на выставе АІПІ НАН Беларусі сумесна з Ваеннай акадэміяй Рэспублікі Беларусь.
Сярод экспанатаў ДНВА «Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка» НАН Беларусі – магутны фотадыёдны модуль з аптычным прадузмацняльнікам, які ўжываецца ў сістэмах радыёлакацыі і сістэмах радыёэлектроннай барацьбы.
XII Міжнародная выстава ўзбраення і ваеннай тэхнікі «MILEX-2025» праходзіць з 21 па 24 мая 2025 г. на дэманстрацыйных плошчах Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра BELEXPO (вул. П. Мядзёлкі, 24).