23 мая 2025 года прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Аляксандр Турчын прадставіў калектыву НАН Беларусі новага Старшыню Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Караніка.
Урад ускладае на Акадэмію навук вялікія надзеі, адзначыў Аляксандр Турчын. «Уладзімір Сцяпанавіч – вопытны кіраўнік. Ён быў міністрам аховы здароўя ў вельмі складаныя часы – у перыяд пандэміі. А таксама старшынёй Гродзенскага аблвыканкама, віцэ-прэм'ерам, які курыраваў сацыяльную сферу. І вось учора новае назначэнне – найважнейшае, на мой погляд, у кар'еры Уладзіміра Сцяпанавіча. Акадэмія навук, без перабольшання, найважнейшае звяно, без навукі сёння немагчыма нічога зрабіць. Наша стагоддзе – стагоддзе тэхналогій, навуковых адкрыццяў. Напярэдадні новага пяцігадовага цыкла, у перыяд распрацоўкі новых праграмных дакументаў урад ускладае вялікія надзеі на Акадэмію навук, на яе дапамогу ў рабоце, у выкананні задач, пастаўленых Кіраўніком дзяржавы», – сказаў Аляксандр Турчын. Ён падзякаваў за работу папярэдняму кіраўніку НАН Беларусі Уладзіміру Гусакову і адзначыў, што пад яго кіраўніцтвам Акадэмія навук дабілася многіх значных дасягненняў і вынікаў. «Можна бясконца доўга іх пералічваць. Дзякуючы Уладзіміру Рыгоравічу наша навука выйшла на новы ўзровень. Упэўнены, што вопыт, веды Уладзіміра Рыгоравіча будуць карысныя нашай краіне і ў далейшым», – падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.
Звяртаючыся да прысутных, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік адзначыў высокія дасягненні Акадэміі навук. «Калектыў – гэта самае каштоўнае ў любой арганізацыі, а ў Акадэміі навук гэта 95 % поспеху. Упэўнены, што ў акадэмічных інстытутаў і НАН у цэлым не толькі слаўная гісторыя, але і слаўная будучыня. Мы павінны памятаць дасягненні нашых папярэднікаў, каб іх развіваць і рухацца далей. Задачы перад намі стаяць маштабныя. Зараз адбываецца пераход на новы тэхналагічны ўзровень, Глабальная барацьба за розумы і інавацыі. Наша задача – знайсці сваё месца ў гэтым свеце, які хутка змяняецца, забяспечыць нашу эканоміку прыкладнымі навуковымі распрацоўкамі, якія дазволяць нашай прадукцыі быць канкурэнтаздольнай на знешніх рынках, але не забываць і пра фундаментальную навуку, якая закладвае асновы для будучых пакаленняў. Гуманітарны кірунак таксама важны: гэта гісторыя, душа народа, якую мы павінны захаваць для таго, каб памятаць свае карані, захаваць сваю самабытнасць і ідэнтычнасць. Па меры магчымасці будзем падтрымліваць усе напрамкі», – зрабіў акцэнт Уладзімір Каранік.
У сваю чаргу Уладзімір Гусакоў падзякаваў прэм'ер-міністру Рэспублікі Беларусь Аляксандру Турчыну за добрыя словы ў свой адрас, падзякаваў калектыву НАН Беларусі за плённую працу і пажадаў новаму кіраўніку Акадэміі навук высокіх вынікаў і вялікіх поспехаў на карысць краіны.