27-28 мая 2025 года ў Полацку адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя «Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы манастыр у гісторыі і культуры Беларусі». Яна сабрала ў Полацку больш за 70 даследчыкаў з Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Форум быў прымеркаваны да 900-годдзя заснавання вышэйназванага манастыра і дня памяці прападобнай Еўфрасінні, ігуменні Полацкай, асветніцы і нябеснай заступніцы беларускіх зямель. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Беларуская Праваслаўная Царква, НАН Беларусі, Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай, Мінская духоўная акадэмія.
Выступаючы на адкрыцці форуму, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік падкрэсліў: «Найважнейшай задачай канферэнцыі з'яўляецца не толькі аналіз мінулага, але і абмеркаванне істотных пытанняў сучаснасці: якім чынам духоўныя, культурныя і рэлігійныя традыцыі могуць быць актуалізаваны ў лічбавую эпоху? Як інтэграваць гэтую спадчыну ў сучасную адукацыйную і культурную палітыку? Як захаваць нацыянальна-культурную ідэнтычнасць ва ўмовах глабалізацыі і інфармацыйнага ціску? Адказы на гэтыя пытанні патрабуюць сумесных намаганняў філосафаў, гісторыкаў, культуролагаў, святароў, педагогаў, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады». Звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства, кіраўнік Акадэміі навук падкрэсліў: «Няхай сённяшняе мерапрыемства стане пляцоўкай для глыбокага і плённага абмеркавання гэтых тэм, а сумесныя работа паслужаць умацаванню духоўных асноў нашага грамадства. Жадаю ўсім удзельнікам паспяховай работы, плённых дыскусій, і самае галоўнае – адчування датычнасці да вялікай агульнай справы».
Даклады навукоўцаў, агучаныя на пленарным пасяджэнні, тычыліся асобы Еўфрасінні Полацкай як пачынальніка традыцый духоўнай асветы на беларускіх землях, станаўленню і развіццю Полацкай епархіі, графіці і суправаджальных надпісаў на фрэсках Полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы. Таксама была прадстаўлена манаграфія «Палеаграфічная спадчына полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы: суправаджальныя надпісы на фрэсках і пытанне аўтарства» (Выдавецкі дом «Беларуская навука», Беларуская навука, 2025). Першы дзень канферэнцыі завяршыўся экскурсіяй па старажытным горадзе Полацку і Спаса-Еўфрасіннеўскім жаночым манастыры.
Работа форуму прадоўжылася 28 мая на базе Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай. У гэты дзень працавалі тэматычныя секцыі «Роля Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра і прападобнай Еўфрасінні Полацкай у гісторыі і культуры Беларусі», «Праваслаўная Царква ў Беларусі з канца XVIII ст. да цяперашняга часу», «Значэнне традыцыйных духоўных каштоўнасцей у развіцці навукі, культуры і адукацыі».
У рамках канферэнцыі было ўсебакова асэнсавана значэнне Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра і прападобнай Еўфрасінні Полацкай у кантэксце гістарычнага, рэлігійнага і культурнага развіцця Беларусі і ўсходнеславянскіх народаў і зямель. Навуковы форум дазволіў інтэграваць дзеючых і патэнцыйных даследчыкаў у тэматыку; стварыў умовы для навуковай камунікацыі і кааперацыі даследчыкаў розных спецыялізацый (багасловаў, гісторыкаў, археолагаў, лінгвістаў, філосафаў, сацыёлагаў); садзейнічаў папулярызацыі дасягненняў гістарычнай навукі ў галіне вывучэння гісторыі Праваслаўнай царквы.
У рамках мерапрыемства ў Полацкім дзяржаўным універсітэце імя Еўфрасінні Полацкай прайшла цырымонія гашэння паштовага блока «900-годдзе Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра ў Полацку». У аснове паштовага блока – карціна «Еўфрасіння Полацкая» мастакоў Аляксея Ліпскага і Сяргея Лагуновіч-Чарапко. Спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень» здзейснілі Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, генеральны дырэктар рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства паштовай сувязі «Белпошта» Святлана Юркевіч.