Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

03.06.2025

У НАН Беларусі праходзіць XIV Міжнародная навуковая канферэнцыя «Мікробныя біятэхналогіі: фундаментальныя і прыкладныя аспекты»

3 чэрвеня 2025 года ў НАН Беларусі пачала работу XIV Міжнародная навуковая канферэнцыя «Мікробныя біятэхналогіі: фундаментальныя і прыкладныя аспекты», прымеркаваная да 50-годдзя з дня заснавання Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі. Канферэнцыя прысвечана шырокаму колу пытанняў, звязаных з фізіялогіяй, біяхіміяй і генетыкай мікраарганізмаў; распрацоўкай канкурэнтаздольных мікробных тэхналогій для сельскай гаспадаркі, медыцыны, прамысловасці, аховы навакольнага асяроддзя.

Як заявіў на адкрыцці форуму Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік: «Пераацаніць значэнне біятэхналогій у сучасным свеце немагчыма. Ад іх залежыць тэхналагічная бяспека краіны. Сферы ўжывання біятэхналогій – медыцына і фармацэўтыка, сельская гаспадарка і харчовая прамысловасць, ахова навакольнага асяроддзя. Сённяшняя канферэнцыя – гэта магчымасць абмяняцца новымі ідэямі, новымі напрацоўкамі. Прыемна, што сёння сабраліся не толькі прадстаўнікі навуковай супольнасці, але і кіраўнікі буйных прадпрыемстваў, якія займаюцца вытворчасцю біятэхналагічнай прадукцыі. Спадзяюся, што будуць абмяркоўвацца не толькі фундаментальныя аспекты прымянення біятэхналогій і развіцця гэтага напрамку навуковай дзейнасці, але і прыкладныя задачы, якія ў бліжэйшы час будуць укаранёны ў вытворчасць і будуць працаваць на рэальны сектар эканомікі».

На ўрачыстым адкрыцці была прадстаўлена выстава распрацовак Інстытута мікрабіялогіі і іншых арганізацый НАН Беларусі, прадукцыі айчынных і замежных біятэхналагічных прадпрыемстваў, пастаўшчыкоў абсталявання і рэагентаў для біялагічных даследаванняў.

У канферэнцыі 2-7 чэрвеня 2025 года прымаюць удзел вядомыя навукоўцы, маладыя даследчыкі, спецыялісты аграпрамысловага сектара, прадстаўнікі біятэхналагічных кампаній з Беларусі, Расійскай Федэрацыі, Злучаных Штатаў Амерыкі, Кубы, Малдовы, Казахстана і Узбекістана.

На пленарных і секцыйных пасяджэннях канферэнцыі будуць абмеркаваны інавацыйныя распрацоўкі ў галіне мікрабіялогіі і біятэхналогіі, а таксама вызначаны прыярытэтныя напрамкі далейшага развіцця навукі ў гэтых кірунках. На канферэнцыі навукоўцы і спецыялісты прадставяць апошнюю інфармацыю аб сучасных навукова абгрунтаваных падыходах да стварэння біяпрэпаратаў для сельскай гаспадаркі, прамысловасці, медыцыны, аховы навакольнага асяроддзя, абмеркаваны стратэгіі трансферу навукаёмістых біятэхналагічных распрацовак у рэальны сектар эканомікі. Праграма канферэнцыі ўключае больш за 80 вусных і 50 стэндавых дакладаў па 5 секцыях: «Фізіялогія, біяхімія і генетыка мікраарганізмаў. Калекцыі мікраарганізмаў», «Генетычная і метабалічная інжынерыя. Біяінфарматыка», «Біятэхналогіі для сельскай гаспадаркі і вытворчасці прадуктаў харчавання», «Біятэхналогіі для медыцыны і прамысловасці» і «Прыродаахоўныя біятэхналогіі».

У рамках канферэнцыі адбудзецца пасяджэнне круглага стала па абмеркаванні перспектыў навуковага і навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва краін Еўразійскага эканамічнага саюза.

Традыцыйна міжнародная навуковая канферэнцыя «Мікробныя біятэхналогіі: фундаментальныя і прыкладныя аспекты» з'яўляецца мостам паміж навукай і практыкай, аб'ядноўваючы намаганні для паступальнага развіцця вытворчасцей, заснаваных на мікробных тэхналогіях.