Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

04.06.2025

Каля 50 арганізацый НАН Беларусі прадстаўляюць на «БЕЛАГРА-2025» звыш 200 распрацовак і тэхналогій

Каля 50 арганізацый НАН Беларусі прымаюць удзел у Міжнароднай спецыялізаванай выставе «БЕЛАГРА-2025». Усяго навукоўцы і спецыялісты Акадэміі навук дэманструюць звыш 200 інавацыйных распрацовак і тэхналогій у галіне сельскагаспадарчай вытворчасці розных напрамкаў.

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця выставы прыняў удзел Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік.

Экспазіцыя РУП «НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі» прадстаўлена новымі машынамі, абсталяваннем і прыборамі для тэхнічнага забеспячэння інавацыйных тэхналогій аграпрамысловага комплексу. Новыя распрацоўкі незаменныя для механізацыі тэхналагічных працэсаў у раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Сярод іх: АМП-6 – агрэгат глебаапрацоўчы модульны, які прызначаны для безадвальнай і перадпасяўной апрацоўкі глебы, закрыцця вільгаці, выраўноўвання паверхні поля і прыкатвання глебы, барацьбы з пустазеллем і стварэння дробнакамякаватай структуры. Сярод навінак – праграмна-апаратны комплекс сістэмы пазіцыянавання выканаўчых механізмаў даільнага абсталявання пры рабатызаванай тэхналогіі даення (КПРД). У аснове кіравання дадзенай сістэмай з'яўляецца 3D-камера, якая выкарыстоўвае тэхналогію візуалізацыі дальнасці, якая ўключае трыянгуляцыі і метады інтэрфераметрыі.

РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве» дэманструе ў рамках выставы насенне новых гатункаў сельскагаспадарчых культур, створаных навукоўцамі-аграрыямі на базе цэнтра, з высокім патэнцыялам прадуктыўнасці і ўраджайнасці, раяніраваных на 2024-2025 гг.: пшаніца азімая – Грэя, Асіма, Стэфа; жыта азімае – Залеснае, Белгі, Батлейка, Ізона; трыцікале азімае – Эквадор, Слаўко; ячмень яравы піваварны – Літвін, авёс – Рэверанс; грэчка – Дзея; люпін вузкалісты – Жакей; гарох палявы – Стымул, рапс яравы – Ягуар і інш.

РУП «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі» дэманструе вадкія ўгнаенні, прыгатаваныя на аснове хелатаў металаэлементаў цынку, медзі і бору ў аргана-мінеральнай форме з дабаўленнем рэгулятара росту – гідрагуміна, гідрагумата ці іншых гумінавых рэчываў, якія прызначаны для перадпасяўной інкрустацыі і для некаранёвай падкормкі сельскагаспадарчых культур. Павышаюць ураджайнасць культур і якасць прадукцыі.

РУП «Інстытут лёну» прадстаўляе новыя гатункі з высокім патэнцыялам ураджайнасці і прадуктыўнасці: лён-даўгунец – Эверэст, Алтын, Талер, Дукат, Маяк; лён алейны – Дар, Альянс, Візір, Славянін, Бонус.

РУП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасці» дэманструе тэхналогіі вытворчасці нізкалактозных і безлактозных малочных і кісламалочных прадуктаў, замарожаныя канцэнтраваныя закваскі «СЫР-10» і «СЫР-10 Прэміум» для вырабу паўцвёрдых сыроў з паніжаным утрыманнем тлушчу; кансервы з мяса прамысловых жывёл (алень).

ДНВА «Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка» паказвае наведвальнікам «БЕЛАГРА-2025» сканiруючы гіперспектральны лідар бачнага і блізкага інфрачырвонага дыяпазонаў спектра для вызначэння характарыстычных параметраў сельскагаспадарчых аб'ектаў і прадукцыі дыстанцыйным метадам.

Дзяржаўнае прадпрыемства «Цэнтр святлодыёдных і оптаэлектронных тэхналогій НАН Беларусі» прадстаўляе святлодыёднае электраасвятленне для агародніцтва закрытага грунту.

Навукоўцы НАН Беларусі дэманструюць таксама на «БЕЛАГРА-2025» новыя гатункі спаржавай фасолі, капусты і іншых сельскагаспадарчых раслін, ветэрынарныя прэпараты, сродкі для абароны, рэгулятары росту раслін і многае іншае.

35-ая Міжнародная спецыялізаваная выстава «БЕЛАГРА -2025» праходзіць у рамках Беларускага аграпрамысловага тыдня з 3 па 7 чэрвеня 2025 года ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры (г. Мінск, вул. П. Мядзёлкі, 24).

Тэгi
#выставы