Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

05.06.2025

Пагадненне аб супрацоўніцтве і План мерапрыемстваў да 2030 года падпісалі НАН Беларусі і Кітайская акадэмія навук

5 чэрвеня 2025 года ў г. Пекіне (КНР) адбылося падпісанне Пагаднення аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі (НАН Беларусі) і Кітайскай акадэміяй навук (КАН). Быў падпісаны таксама План мерапрыемстваў па актывізацыі супрацоўніцтва паміж НАН Беларусі і КАН на 2025-2030 гады. Дакументы падпісалі Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік і Прэзідэнт Кітайскай акадэміі навук Хоу Цзяньго. Ва ўрачыстай цырымоніі прыняў удзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у КНР Аляксандр Чарвякоў. Адбыліся таксама перамовы з Прэзідэнтам КАН Хоу Цзяньго.

Пагадненне аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве паміж НАН Беларусі і КАН накіравана на ўзмацненне навукова-тэхнічных патэнцыялаў Беларусі і Кітая, развіццё і пашырэнне адносін паміж краінамі, садзейнічанне навукова-тэхнічнаму супрацоўніцтву і практычнай рэалізацыі сумеснай дзейнасці ў галінах навукі і тэхнікі, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. Асноўнымі задачамі супрацоўніцтва вучоных дзвюх краін з'яўляюцца стварэнне спрыяльных умоў для арганізацыі сумесных распрацовак, камерцыялізацыі вынікаў сумеснай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспубліцы, абмену ідэямі і інфармацыяй, сумеснага выкарыстання навуковай інфраструктуры абедзвюх краін. НАН Беларусі і Кітайская акадэмія навук плануюць стварэнне сумесных цэнтраў і лабараторый на базе акадэмій навук дзвюх краін і Беларуска-Кітайскага Iндустрыяльнага парка «Вялікі камень»; правядзенне сумесных даследаванняў і навукова-тэхнічных мерапрыемстваў па шырокім спектры напрамкаў; арганізацыю стажыровак і навучання ў магістратуры і аспірантуры ўніверсітэтаў акадэмій.

У рамках падпісанага Пагаднення вызначаны ў якасці прыярытэтных наступныя напрамкі: мікраэлектроніка і прыборабудаванне; машынабудаванне, у тым ліку распрацоўкі ў галіне электратранспарту; касмічныя тэхналогіі; аптычныя і лазерныя тэхналогіі; iнфармацыйныя тэхналогіі і штучны інтэлект. Навукоўцы Беларусі і Кітая будуць супрацоўнічаць у галіне энергетыкі; нанаматэрыялаў і нанатэхналогій; біятэхналогій і медыцыны; хімічных тэхналогій; экалогіі і ахове навакольнага асяроддзя. Не застанецца без увагі і такая тэматыка, як захаванне гісторыка-культурнай спадчыны народаў дзвюх краін.

Як адзначыў у ходзе сустрэчы Уладзімір Каранік, Беларусь і Кітай звязваюць доўгія гады плённага партнёрства, заснаванага на ўзаемнай павазе, даверы і імкненні да інавацыйнага развіцця. «Кітай з'яўляецца адным з ключавых стратэгічных партнёраў Беларусі ў галіне навукі, тэхналогій і высокатэхналагічных вытворчасцяў. Хачу падкрэсліць, што Нацыянальная акадэмія навук Беларусі як вышэйшая дзяржаўная навуковая арганізацыя краіны актыўна развівае і ўмацоўвае навуковую кааперацыю з КНР. Узаемадзеянне з навуковымі цэнтрамі і прадпрыемствамі Кітая – адзін з прыярытэтных напрамкаў развіцця міжнароднай дзейнасці Акадэміі навук», – падкрэсліў Уладзімір Каранік.

5 чэрвеня 2025 года адбыліся перамовы Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Караніка з Прэзідэнтам Кітайскай акадэміі навук Хоу Цзяньго. Былі абмеркаваны перспектыўныя напрамкі і механізмы пашырэння супрацоўніцтва паміж НАН Беларусі і КАН. Члены беларускай дэлегацыі наведалі Навукова-даследчы інстытут мікраэлектронікі КАН і Навукова-даследчы інстытут паўправаднікоў КАН.