3-7 чэрвеня 2025 года ў г. Цзінань (КНР) адбыўся II з'езд навуковых саветаў Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук (МААН), які праходзіў у рамках ініцыятывы «Адзін пояс – адзін шлях». У яго рабоце прыняла ўдзел прадстаўнічая дэлегацыя НАН Беларусі: члены Бюро Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмікі-сакратары аддзяленняў НАН Беларусі, дырэктары навуковых арганізацый НАН Беларусі, вядомыя навукоўцы і маладыя даследчыкі. У Форуме ў г. Цзінань прынялі ўдзел кіраўнікі і вядучыя навукоўцы акадэмій навук і найбуйнейшых навуковых і даследчых цэнтраў шэрагу дзяржаў, уключаючы дэлегацыі ад Беларусі, Расіі, Кітая, Арменіі, Азербайджана, Казахстана, Кыргызскай Рэспублікі, Таджыкістана, Узбекістана, Чарнагорыі і інш. Арганізатары мерапрыемства – Акадэмія навук правінцыі Шаньдун і Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.
Акрамя пленарнага пасяджэння, у рамках работы з'езда прайшлі пасяджэнні чатырох секцый, на якіх навукоўцы розных краін разгледзелі актуальныя напрамкі развіцця сучаснай навукі. Гэта – «перспектывы навук аб жыцці»; «мікраэлектроніка і штучны інтэлект», «энергетыка, новыя матэрыялы і тэхналогіі», «культура, мастацтва і гісторыя».
У рамках II з'езда навуковых саветаў МААН адбыўся шэраг навуковых мерапрыемстваў. Так, 5 чэрвеня адбылася канферэнцыя, прысвечаная Гадам супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі ў галіне навукі, тэхналогій і інавацый (2024 – 2025 гады). На форуме зроблены даклады ў перадавых галінах навукі – лазерных тэхналогій, оптыкі і інтэлектуальнага зандзіравання, таксама вызначаны прыярытэтныя напрамкі далейшага ўзаемадзеяння. Па выніках канферэнцыі падпісана рэзалюцыя. 5 чэрвеня 2025 года канферэнцыя маладых вучоных МААН–2025 сабрала маладых даследчыкаў Кітая і Беларусі, а таксама арганізацый – членаў МААН. На канферэнцыі былі не толькі зроблены даклады, але і вызначаны перспектывы супрацоўніцтва ў розных навуковых галінах і сумесныя ініцыятывы на 2025 год. Прайшло пасяджэнне Савета маладых навукоўцаў МААН.
Па выніках II з'езда навуковых саветаў МААН была прынятая рэзалюцыя.
Даведачна: I з'езд навуковых саветаў МААН адбыўся ў НАН Беларусі 24-26 лістапада 2021 года. Былі разгледжаны асноўныя вынікі дзейнасці і перспектывы работы навуковых саветаў МААН, пытанні далейшага супрацоўніцтва па ключавых напрамках развіццям сучаснай навукі. Навукоўцы розных краін выступілі з навуковымі дакладамі, абмеркавалі вынікі даследавання сучаснага стану акадэмічнай навукі ў акадэміях навук – членах МААН; узаемадзеянне батанічных садоў краін СНД, работу навуковага савета па вірусалогіі, перспектывы міжнароднага супрацоўніцтва ў вывучэнні праблемных экасістэм, развіццё міждзяржаўнага ўзаемадзеяння ў касмічных даследаваннях і іншыя актуальныя праблемы.
Сёння Міжнародная асацыяцыя акадэмій навук (МААН) аб'ядноўвае 27 арганізацый (акадэміі навук краін СНД і іншых краін, універсітэты, буйныя навуковыя цэнтры ад краін Карыбскага басейна да Азіі). З 2017 года функцыі базавай акадэміі навук у арганізацыйным і метадычным суправаджэнні МААН выконвае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Вышэйшы кіруючы орган МААН – Савет МААН.