Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

10.06.2025

Алтайскія ледавікі раскрываюць таямніцы. Беларускія і замежныя навукоўцы склалі летапіс уздзеяння на прыроду Паўночна-Усходняй Еўразіі

Міжнародная навуковая каманда з удзелам навукоўцаў НАН Беларусі рэканструявала двухсотгадовую гісторыю антрапагеннага ўздзеяння на прыроду Паўночна-Усходняй Еўразіі па ледзяных кернах з Алтайскіх леднікоў.

Сумесны навуковы праект выконваўся на працягу шэрагу гадоў навукоўцамі з Беларусі, Расійскай Федэрацыі, Швейцарыі і Аўстрыі. У склад навуковага калектыву ўваходзілі 11 чалавек. Гэта – навукоўцы Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі (Беларусь), Інстытута водных і экалагічных праблем (г. Барнаул, Расійская Федэрацыя), Інстытута Паўля Шэррэра (г. Віліген, Швейцарыя), Цэнтра даследаванняў змены клімату ім. Эшгера Бернскага ўніверсітэта (г. Берн, Швейцарыя), кафедры хіміі, біяхіміі і фармацыі Бернскага ўніверсітэта (г. Берн, Швейцарыя), кафедры метэаралогіі і геафізікі Венскага ўніверсітэта (г. Вена, Аўстрыя).

Даследаванне ўключала вызначэнне ўтрымання цяжкіх металаў (Ag, Bi, Cd, Cu, Pb, Sb, Zn) у ледзяных кернах, вынятых з алтайскіх леднікоў Цамбагараў і Бялуха, якія ахопліваюць перыяд 1700-2018 гг., у Інстытуце Паўля Шэррэра (Швейцарыя). Вынікі супастаўлены з рэканструяванымі ўзроўнямі антрапагенных выкідаў цяжкіх металаў на тэрыторыі рэгіёну былога СССР за 1975-2015 гады, атрыманымі беларускімі навукоўцамі з Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі.

Вынікі сумеснага навуковага праекта нядаўна апублікаваныя ў навуковым часопісе з высокім імпакт-фактарам Science of the Total Environment*.

Бурэнне леднікоў для атрымання лядовых кернаў** сёння з’яўляецца «прарыўным навуковым напрамкам, на якім сканцэнтраваны намаганні многіх навуковых каманд па ўсім свеце. Яно дазваляе атрымаць унікальную інфармацыю аб палеагеаграфічных становішчах мінулага, аднавіць летапіс кліматычных змяненняў і дынамікі антрапагенных уздзеянняў.

Выкананае даследаванне паказала эфектыўнасць вывучэння лядовых кернаў для палеарэканструкцый узроўняў атматэхнагеннага паступлення забруджвальных рэчываў у навакольнае асяроддзе.

Асабліва актуальныя такія даследаванні для антарктычнага ледніковага шчыта, дзе магчыма атрыманне лядовых кернаў узростам да 1 млн гадоў. Паспяховая рэалізацыя падобных праектаў ва ўмовах Антарктыды патрабуе вырашэння мноства тэхнічных, лагістычных і іншых праблем, якія дазволілі б атрымаць і даставіць у лабараторыю незабруджаныя ўзоры лёду, прыдатныя для наступнага аналізу, выканаць хіміка-аналітычныя вызначэннi ўльтранізкіх канцэнтрацый забруджвальных рэчываў. Падрыхтоўчыя работы ў гэтым напрамку праводзяцца Інстытутам прыродакарыстання НАН Беларусі.

*Anja Eichler, Petr Nalivaika, Sergey Kakareka, Tamara Kukharchyk, Theo M. Jenk, Thomas Singer, Tatjana Münster, Tatyana Papina, Stella Eyrikh, Andreas Plach, Margit Schwikowski. Recent heavy metal pollution from the territory of the former Soviet Union (FSU): Ice core records and emission estimates //Science of the Total Environment 983 (2025) 179632. https://doi.org/10.1016/j.scitotenv.2025.179632

**Ледзяны керн – гэта цыліндрычны ўзор лёду, выняты з ледзянога шчыта або ледніка, які змяшчае інфармацыю пра мінулы клімат Зямлі. Гэты керн з'яўляецца свайго роду вертыкальным летапісам клімату, паколькі ніжэйляжачыя пласты лёду старэй і адлюстроўваюць кліматычныя ўмовы больш аддаленых перыядаў часу.