Удзельнікі 18-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі пачалі тэсціраваць і ўводзіць у эксплуатацыю новае абсталяванне, якое прыбыло ў канцы студзеня 2026 года на навукова-экспедыцыйным судне «Акадэмік Фёдараў» на беларускую антарктычную станцыю. Гаворка ідзе перш за ўсё пра сучасныя ачышчальныя збудаванні для бытавых сцёкавых вод, якія павінны значна павысіць экалагічныя стандарты жыццядзейнасці станцыі. Тэсціраванне збудавання накіравана на праверку яго эфектыўнасці і ўстойлівасці да экстрэмальных умоў. Паралельна праводзіцца абкатка і тэсціраванне новай буравой устаноўкі, прызначанай для геакрыялагічных даследаванняў і адбору глыбінных проб, а таксама снегабалотахода ГАЗ-3344 для эксплуатацыі ў экстрэмальных умовах.
У рамках 18-й Беларускай антарктычнай экспедыцыi ў поўным аб'ёме працягваецца выкананне навуковай праграмы: бесперапынны метэаралагічны маніторынг, лідарныя і спектраметрычныя даследаванні атмасферы, эксперыменты па вывучэнні біяразнастайнасці і ацэнцы антрапагеннага ўздзеяння, уключаючы адбор проб для аналізу на мікрапластык. Снежна-лядовая ўзлётна-пасадачная паласа «Гары Вячэрняй» працягвае функцыянаваць як важны лагістычны вузел для міжнародных антарктычных праграм, а палярнікі забяспечваюць яе кругласутачную работу, навігацыйнае абслугоўванне і запраўку авіярэйсаў.
Бягучы этап экспедыцыі, як падкрэсліў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў НАН Беларусі Уладзімір Рыжыкаў, азначае сабой пачатак новага цыкла работ, які аб'ядноўвае глыбокія навуковыя пошукі з маштабнай мадэрнізацыяй інфраструктуры, што закладвае аснову для развіцця беларускай антарктычнай праграмы на бліжэйшыя пяць гадоў.