Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

17.02.2026

Уладзімір Каранік уручыў узнагароды лаўрэатам прэмій і конкурсаў НАН Беларусі

У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў шэрагу акадэмічных конкурсаў і прэмій па выніках 2025 года. Высокія ўзнагароды з рук старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Караніка сёння атрымалі 54 чалавекі. Сярод іх – пераможца конкурсу «Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», Лаўрэаты конкурсаў «Топ-10» у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў і 100 маладых талентаў, а таксама тыя, каму прысуджаны прэміі НАН Беларусі. Акрамя таго, навуковыя дасягненні прадстаўнікоў Акадэміі навук былі адзначаны Ганаровымі граматамі Вышэйшай атэстацыйнай камісіі і Міністэрства адукацыі.

Уручаючы медаль і дыплом вучонага года НАН Беларусі дырэктару Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі доктару медыцынскіх навук, прафесару, акадэміку Алегу Румо, Уладзімір Каранік адзначыў яго высокія асабістыя якасці, кампетэнтнасць і прафесіяналізм, а таксама вялікія дасягненні ў навукова-даследчай дзейнасці. Пры гэтым Старшыня Прэзідыума Акадэміі навук падкрэсліў, што Алегу Алегавічу, як дырэктару Навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, даводзіцца асабіста прымаць адказнасць па складаных і цяжкіх пытаннях.

«Напэўна, не ўсе разумеюць, што такое ўзяць адказнасць за чалавечае жыццё. У вас ёсць лідарскія якасці і ваш калектыў за вамі, як за каменнай сцяной. Высокае званне «Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі-2025» – заслужаная вамі ўзнагарода. Мы ганарымся, што вы з'яўляецеся паўнапраўным членам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і спадзяемся, што яшчэ не раз будзем апладзіраваць вашым дасягненням», – сказаў Уладзімір Каранік.

У сваю чаргу дырэктар Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Алег Румо падзякаваў за высокую ацэнку асабістых вынікаў і ўсяго шматтысячнага калектыву навукова-практычнага цэнтра, якім ён кіруе. «Калектыў, для якога галоўная задача – выратаванне жыцця людзей, прайшоў вялікі шлях трансфармацыі – са звычайнай гарадской клінічнай бальніцы ў сапраўдны навукова-практычны цэнтр. Мы ўсе хочам, каб Беларусь была высокатэхналагічнай і квітнеючай краінай», – заявіў ён.

У завяршэнне мерапрыемства Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік падзякаваў прысутным за дасягненне высокіх вынікаў у навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці і пажадаў усім натхнення і новых поспехаў.