У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 18 лютага адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых работ «Васількоў шапатліваю моваю...», прымеркаванага да Міжнароднага дня роднай мовы. Дыпломы і каштоўныя прызы пераможцам – 60 канкурсантам з усіх рэгіёнаў краіны – уручыў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік.
У сваім вітальным слове ён адзначыў важнасць сённяшняга мерапрыемства. «Мы сустракаемся напярэдадні важнага для кожнага беларуса свята – Дня Роднай мовы. Беларуская мова – гэта не проста сродак зносін. Гэта душа народа, яго гісторыя і культурны код, які аб’ядноўвае пакаленні. Няхай родная мова гучыць у вашых сем’ях, на працы і ў коле сяброў, напаўняе сэрцы цеплынёй і пачуццём адзінства! Паважаныя ўдзельнікі конкурсу навукова-даследчых работ «Васількоў шапатліваю моваю…»! Шчыра дзякую ўсім Вам за энтузіязм, талент і крэатыўнасць. Гледзячы на вашы зацікаўленыя твары, назіраючы вашу натхнёнасць і юнацкі запал, я ўпэўнены ў будучым нашай мовы, нашай навукі і нашай краіны! Асобна хачу падзякаваць настаўнікам, якія зрабілі ўсё магчымае дзеля поспеху сваіх вучняў. Сёння вы па праву можаце ганарыцца сабою і вынікам вашай высакароднай працы на ніве захавання і развіцця беларускай мовы і культуры! Дзякую ўсім за ўдзел у конкурсе і віншую пераможцаў! Са святам Роднай мовы!» – адзначыў Уладзімір Каранік.
У гэтым годзе ў конкурсе прынялі ўдзел 350 прэтэндэнтаў з 378 агульнаадукацыйных сярэдніх навучальных устаноў, прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыялізаваных навучальных устаноў, а таксама студэнтаў 1-2 курсаў вышэйшых навучальных устаноў. Найбольшая колькасць работ паступіла з Гродзенскай і Мінскай абласцей – 86 і 84 адпаведна. Работы былі размеркаваны па 8 тэматычных секцыях, што адлюстроўвае разнастайнасць навуковых інтарэсаў удзельнікаў: «Уласнае імя ў лінгвакультуралагічным аспекце», «Нацыянальная адметнасць лексікі і фразеалогіі», «Мова мастацкай літаратуры», «Мова беларускіх старадрукаў і рукапісаў», «Роднае слова ў дыялогу моў і культур», «Асаблівасці перакладу», «Дыялектная моўная адзінка і кантэкст», «Сучасная беларуская мова». Конкурсная камісія адабрала 60 лепшых работ для ўзнагароджання.
Конкурс праводзіцца ў другі раз. Яго асноўная мэта – захаванне духоўнай спадчыны народа і павышэнне моўнай кампетэнцыі беларускамоўных удзельнікаў, грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне. Арганізатарам мерапрыемства выступіў Інстытут мовазнаўства ім. Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі сумесна з каналам «Культура» Беларускага радыё і навукова-метадычным часопісам «Роднае слова».