Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік сустрэўся з працоўным калектывам ААТ «НВА Цэнтр»
У рамках Адзінага дня інфармавання Уладзімір Каранік правёў сустрэчу з прадстаўнікамі працоўнага калектыву ААТ «НВА Цэнтр», на якой абмеркавалі геапалітычную сітуацыю ў сучасных умовах і абарончую моц беларускага войска.
У сваім выступленні кіраўнік Акадэміі навук падкрэсліў, што Беларусь праводзіць міралюбівую знешнюю палітыку, заснаваную на прынцыпах добрасуседства і раўнапраўнага дыялогу, але ў выпадку агрэсіі здольная абараніць сваю краіну і даць адпор любому суперніку. Удзельнікі сустрэчы ў фармаце адкрытага дыялогу абмеркавалі розныя пытанні, у тым ліку не звязаныя з АДI. У прыватнасці, размова зайшла пра далейшае развіццё НАН Беларусі і матэрыяльнае стымуляванне вучоных у нашай краіне.
У ходзе візіту Уладзімір Сцяпанавіч азнаёміўся з вынікамі работы ААТ «НВА Цэнтр» і наведаў галіновую лабараторыю і вытворчыя цэхі прадпрыемства. Ён агледзеў вытворчасць і ацаніў узровень аўтаматызацыі, пагутарыў з работнікамі. У цэнтры яго ўвагі – перш за ўсё перспектывы развіцця прадпрыемства і распрацоўка ўнікальнага цэнтрабежнага абсталявання на газастатычнай апоры. Кіраўніку Акадэміі навук паказалі цэнтрабежны выпрабавальны стэнд, прызначаны для выпрабаванняў вырабаў ракетна-касмічнай тэхнікі на ўстойлівасць да розных відаў уздзеянняў: лінейных перагрузак, вібрацый, ударных нагружэнняў, тэмпературных уздзеянняў.
ААТ «НВА Цэнтр» НАН Беларусі – вядучы навукова-вытворчы інжынірынгавы цэнтр ЕАЭС у сферы распрацоўкі тэхналогій і абсталявання для сухіх метадаў перапрацоўкі і ўзбагачэння рудных і нярудных матэрыялаў, распрацоўшчык і вытворца ўнікальнага цэнтрабежнага абсталявання на газастатычнай апоры і тэхналагічных комплексаў у інтарэсах будаўнічай, горназдабываючай і металургічнай прамысловасці. На сённяшні дзень больш за 600 комплексаў і адзінак абсталявання вытворчасці ААТ «НВА Цэнтр» паспяхова эксплуатуюцца на прадпрыемствах Беларусі, Расіі, Індыі, Казахстана, Азербайджана, Узбекістана, В'етнама і іншых краін.