Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік ва ўрачыстай абстаноўцы сёння ўручыў акадэміку Аляксандру Каваленю нагрудны знак «За заслугі перад Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі». Высокай узнагароды навуковец удастоены за важкі асабісты ўклад у развіццё Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, высокія дасягненні ў навуковай і даследчай дзейнасці і ў сувязі з 80-годдзем.
Уладзімір Каранік выказаў Аляксандру Аляксандравічу словы падзякі за плённую працу і асабісты ўклад у развіццё гістарычнай навукі. «Мы адзначаем не толькі ваш юбілей – гэта знакавая дата для кожнага чалавека, але і 55 гадоў вашай навукова-педагагічнай дзейнасці, больш за 20 гадоў працы ў НАН Беларусі, з іх больш за 15 – акадэмікам-сакратаром Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў. За гэтыя гады вы падрыхтавалі больш за 450 навуковых прац, сотні і тысячы студэнтаў, якіх выхавалі сапраўднымі навукоўцамі і патрыётамі, – сказаў ён. – Праз усе гады вы пранеслі адданасць навуцы, адданасць сваёй краіне, адданасць гістарычнай памяці і зрабілі ўсё, каб ніхто не змог перапісаць гісторыю і прынізіць подзвіг нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Сваім асабістым прыкладам вы паказвалі, як трэба адстойваць інтарэсы сваёй краіны і свайго народа. Гэта годна вялікай павагі».
Сёння цёплыя словы і віншаванні Аляксандру Аляксандравічу Каваленю з 80-годдзем гучаць ад гасцей, калег, сяброў і яго вучняў. Сярод іх: намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Матусевіч, першы намеснік Дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Аляксандр Невяроўскі, Старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Аляксандр Гучок, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Даніловіч, член-карэспандэнт НАН Беларусі Міхаіл Мясніковіч і інш.
Да знамянальнай даты супрацоўнікамі Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў, Інстытута гісторыі, а таксама выдавецтва «Беларуская навука» падрыхтавана выданне «Акадэмік Аляксандр Аляксандравіч Каваленя. Да 80-годдзя юбілею». У кнігу ўвайшлі выбраныя работы вучонага і матэрыялы пра яго. «Я перакананы, што гэтая кніга – гэта не падвядзенне вынікаў. Гэта першы том. Вы напішаце яшчэ не адзін раздзел свайго выдатнага насычанага жыцця і яшчэ не раз парадуеце нас сваімі навуковымі працамі», – сказаў Уладзімір Каранік на прэзентацыі выдання.