Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

18.03.2026

Канстытуцыя як прававы падмурак суверэннай дзяржавы – у НАН Беларусі прайшлі першыя Маладзёжныя чытанні

У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сёння прайшлі першыя Маладзёжныя чытанні на тэму «Канстытуцыя як прававы падмурак суверэннай дзяржавы», арганізаваныя Маладзёжным саветам пры Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У яго рабоце прынялі ўдзел прадстаўнікі студэнцкай супольнасці, вузаўскай і акадэмічнай навукі, а таксама судзейскага корпуса краіны і дэпутаты. З прывітальным словам да гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік. Ён адзначыў, што сённяшняя сустрэча праходзіць у знамянальны час, калі краіна адсвяткавала адно з найважнейшых святаў – Дзень Канстытуцыі.

«Канстытуцыя заклала трывалы прававы падмурак незалежнасці і рэалізавала шматвяковае імкненне беларускага народа быць паўнапраўным гаспадаром на роднай зямлі. Найважнейшай каштоўнасцю, вакол якой пабудаваны ўсе нормы і палажэнні асноўнага Закона краіны, з'яўляецца чалавек, яго правы і свабоды. Менавіта на іх забеспячэнне накіраваны сёння ўсе намаганні дзяржавы і грамадства, – сказаў кіраўнік Акадэміі навук. – Дзяржава спрыяе духоўнаму, маральнаму, інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю моладзі, стварае неабходныя ўмовы для яе свабоднага і эфектыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, рэалізацыі патэнцыялу моладзі ў інтарэсах усяго грамадства».

У НАН Беларусі працуе каля 2 тысяч маладых вучоных, якія дэманструюць выдатныя дасягненні нароўні з больш вопытнымі калегамі. Іх праца ацэнена па заслугах як на ўзроўні Акадэміі навук, так і адзначана дзяржаўнымі і міжнароднымі ўзнагародамі. Многія прадстаўнікі Савета маладых навукоўцаў займаюць кіруючыя пасады і задаюць трэнды ў найноўшых даследаваннях у галіновых інстытутах і вытворчых аб'яднаннях.

«Мы хочам, каб наша моладзь генерыравала цікавыя ідэі, каб мы разам забяспечылі пераемнасць пакаленняў, захавалі гістарычную памяць і традыцыі нашага народа, разам будавалі светлую будучыню для нашай краіны, – сказаў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік. – Наша задача зрабіць так, каб вы адчувалі сябе паўнацэннымі членамі грамадства, уплывалі на рашэнні, якія прымаюцца, і ўносілі значны ўклад у развіццё краіны ўжо сёння. Таму што менавіта моладзь – гэта энергія маладосці і крэатыву». Але адной крэатыўнасці, як падкрэсліў кіраўнік Акадэміі навук, недастаткова: у сучасным свеце поспех чакае толькі тых, хто старанна працуе і штодня імкнецца да самаўдасканалення. У завяршэнне свайго выступлення ён пажадаў усім удзельнікам плённай працы, цікавых і запамінальных зносін.