Сёння ў Прэзідыуме НАН Беларусі адбылося ўрачыстае пасяджэнне, прымеркаванае да 95-годдзя Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук. Адкрываючы мерапрыемства, Першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Віталь Залескі зачытаў прывітальны адрас Старшыні Прэзідыума Уладзіміра Караніка. Ён адзначыў, што Інстытут філасофіі захоўвае вернасць шматвяковым традыцыям спрадвечнай мудрасці беларускага народа і філасофскаму пазнанню і светапогляду, якія выраслі з яе.
«На розных этапах сваёй гісторыі навуковая ўстанова стварала і развівала прынцыпова новыя навуковыя напрамкі... У савецкі перыяд працы беларускіх філосафаў атрымалі шырокую вядомасць і заслужаныя ўзнагароды, такія як дыплом першай ступені і залаты медаль ВДНГ. Сёння дзякуючы навукоўцам-філосафам мы захоўваем, вывучаем і паспяхова папулярызуем духоўна-культурную спадчыну, тым самым умацоўваючы гуманітарную бяспеку нашай рэспублікі. Марк Тулій Цыцэрон пісаў, што філасофія з'яўляецца медыцынай душы, таму як хірург жадаю вам ювелірнай дакладнасці ў рабоце», – гаварылася ў прывітанні.
У сваю чаргу дырэктар Інстытута філасофіі НАН Беларусі Анатоль Лазарэвіч адзначыў, што навуковая ўстанова на працягу сваёй гісторыі ніколі не заставалася ўбаку ад ключавых праблем грамадскага развіцця. У гэтым раскрываецца асаблівы чалавекаствараючы сэнс філасофскіх ведаў.
Завяршылася мерапрыемства на ўрачыстай ноце – вучоным інстытута ўручылі ганаровыя граматы і падзякі. Пасля чаго ўдзельнікі мерапрыемства і госці азнаёміліся з мастацкай выставай работ вучоных iнстытута.
Сёння таксама стартавала міжнародная навуковая канферэнцыя «Філасофскія веды ў лічбавую эпоху». Больш падрабязна з яе праграмай і матэрыяламі філосафаў можна пазнаёміцца на сайце Інстытута філасофіі.