Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

19.03.2026

Маладыя навукоўцы НАН Беларусі прадставілі свае распрацоўкі на конкурс «100 ідэй для Беларусі»

У Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку ў Мінску сёння праходзіць фінал конкурсу «100 ідэй для Беларусі! Сёлета маладыя навукоўцы НАН Беларусі падалі на конкурс 20 праектаў. Сярод распрацовак: палімерныя экраны для абароны ад радыяцыі; інтэлектуальныя сістэмы паліву; гібрыды таматаў з высокімі антыаксідантнымі ўласцівасцямі; тэхналогія перапрацоўкі какававелы; зносастойкія пакрыццi; платформа для тэставання лекаў і інш.

З прывітальным словам да гасцей і ўдзельнікаў конкурсу звярнуўся галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Васіль Гурскі. Паводле яго слоў, з кожным годам пашыраецца пул распрацовак. «Усё больш заявак паступае ў сферах мікраэлектронікі, беспілотных сістэм, генетыкі, экалогіі і медыцынскіх тэхналогій. Гэта менавіта тыя напрамкі, якія сёння фарміруюць тэхналагічны суверэнітэт краіны», – сказаў ён.

Васіль Гурскі таксама паведаміў, што сістэма падтрымкі таленавітай моладзі эфектыўна працуе і ўдасканальваецца на дзяржаўным узроўні. У прыватнасці, таленавітыя і адораныя дзеці могуць прэтэндаваць на гранты Прэзідэнта ў сферах навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры і маладзёжнай палітыкі, стыпендыі аспірантам і таленавітым маладым вучоным, уключэнне ў маладзёжны прэзідэнцкі спецфонд. «Беларусь зацікаўлена ў вас і вашых ідэях», – сказаў галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі.

Праект «100 ідэй для Беларусі» рэалізуецца БРСМ сумесна з Міністэрствам адукацыі, НАН Беларусі, ДКНТ у мэтах актывізацыі інавацыйнага мыслення моладзі, прыцягнення яе да вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, стымулявання грамадзянскіх ініцыятыў да рэалізацыі інавацыйных праектаў і навукова-тэхнічных распрацовак.