У Мінску адкрыўся Iндыйска-Беларускі фармацэўтычны дзелавы форум
У Мінску адкрыўся Iндыйска-Беларускі фармацэўтычны дзелавы форум. У яго рабоце ўдзельнічае каля 150 прадстаўнікоў фармацэўтычнай індустрыі Беларусі і Індыі, а таксама навуковай і банкаўскай сферы, аховы здароўя. Ганаровы госць мерапрыемства – Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік.
У сваім прывітальным слове кіраўнік Акадэміі навук паведаміў, што прамыя кантакты з індыйскімі вытворцамі забяспечваюць фармацэўтычным прадпрыемствам Беларусі магчымасць бесперабойна закупляць усё неабходнае для выпуску шырокага спектра айчынных лекавых прэпаратаў.
Яскравым прыкладам паспяховага ўзаемадзеяння з'яўляецца супрацоўніцтва дзяржпрадпрыемства «АКАДЭМФАРМ» з двума буйнымі фармацэўтычнымі вытворцамі Cipla Ltd. і Reliance Life Sciences.
Ключавым напрамкам узаемадзеяння з'яўляецца паглыбленне тэхналагічнай кааперацыі ў наступных галінах: другасная ўпакоўка індыйскіх прэпаратаў на магутнасцях прадпрыемства; трансфер тэхналогій у галіне вытворчасці адноўленых лекавых сродкаў ад вядучых індыйскіх вытворцаў; арганізацыя сумесных вытворчых участкаў; кантрактная вытворчасць для далейшага экспарту на рынак ЕАЭС.
Уладзімір Каранік таксама расказаў, што ў найбліжэйшы час НАН Беларусі створыць Міжнародны навукова-даследчы цэнтр у галіне фармацэўтыкі. У яго кампетэнцыю ўвойдуць наступныя віды работ: правядзенне даследаванняў, у тым ліку ў інтарэсах замежных заказчыкаў; падрыхтоўка і экспертыза рэгістрацыйных дасье па правілах ЕАЭС; адпрацоўка тэхналогій вытворчасці ў фармаце вопытных партый; распрацоўка і валідацыя новых методык для кантролю сыравіны і гатовых лекавых форм.
«Стварэнне такога цэнтра дазволіць замкнуць тэхналагічны цыкл: ад закупкі сыравіны ў Індыі да выпуску гатовага навукаёмістага прадукту з высокай доляй лакалізацыі, што ўмацуе пазіцыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на фармацэўтычным рынку і ўнясе ўклад у забеспячэнне тэхналагічнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь у сферы аховы здароўя», – сказаў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі. Арганізатарамі форуму выступілі БелГПП, Савет па развіцці экспарту фармацэўтычнай прадукцыі Індыі і Пасольства Рэспублікі Індыя ў Рэспубліцы Беларусь.