Віншаванне Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Караніка з Днём яднання народаў Беларусі і Расіі
Паважаныя калегі! Дарагія сябры!
Віншую вас з Днём яднання народаў Беларусі і Расіі!
Роўна 30 гадоў таму, 2 красавіка 1996 г., быў заключаны дагавор аб утварэнні Супольнасці Расіі і Беларусі, дзень падпісання якога штогод адзначаецца як свята, якое стала сапраўдным сімвалам шматвяковых брацкіх сувязяў нашых народаў.
Адзінства беларусаў і расіян змацавана генетычнай памяццю: мы памятаем пра тое, як у гады Вялікай Айчыннай вайны нашы прадзеды стаялі да смерці ў Брэсцкай крэпасці, гераічна абаранялі Магілёў і вызвалялі Беларусь, зрынуўшы ў прах нацысцкі рэйх. Сімвалічна, што савецкія франты пад камандаваннем легендарных маршалаў Жукава і Ракасоўскага, якія разграмілі ворага ў яго логаве ў 1945 г., насілі найменне «Беларускіх».
Пасля вайны мы разам аднаўлялі Мінск, архітэктурныя жамчужыны якога праектавалі архітэктары з Ленінграда і іншых гарадоў Расіі, а пры будаўніцтве выкарыстана цэгла з легендарнага дома Паўлава ў Сталінградзе, якую Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка назваў «святой рэліквіяй».
Гісторыя нашага саюза – гэта летапіс сумесных дасягненняў, культурнага абмену і ўзаемнай падтрымкі, які працягвае пісацца і сёння, узбагачаючы жыццё кожнага, хто з'яўляецца часткай гэтай унікальнай супольнасці. Вельмі важна, што сёння ёсць сумесныя ініцыятывы, якія становяцца жывым мостам паміж пакаленнямі, фарміруюць глыбокае разуменне каштоўнасці міру і служаць маральным арыенцірам для будучых пакаленняў, натхняючы іх на захаванне дасягнутага і ўмацаванне адзінства.
Беларусы і расіяне ўсё часцей ездзяць адзін да аднаго ў госці, адкрываючы для сябе новыя непазнаныя гарызонты прыроднай і архітэктурнай прыгажосці. Год ад года дзелавы абмен паміж нашымі краінамі нарастае. Гэта асабліва адчуваецца і ў навуковай сферы, якая шмат у чым з'яўляецца лакаматывам развіцця Саюзнай дзяржавы. Сумесныя поспехі ў касмічных даследаваннях, інфармацыйных тэхналогіях, медыцыне заклалі падмурак адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы. Выніковыя навуковыя праграмы і сумесныя праекты па імпартазамяшчэнні сталі важным элементам забеспячэння тэхналагічнага суверэнітэту, яшчэ раз даказваючы, што расіяне і беларусы эфектыўна дапаўняюць сумесныя даследаванні, абапіраючыся на ўзаемны давер і падтрымку. Перакананы, што далейшая работа вучоных Беларусі і Расіі, заснаваная на прынцыпах адкрытасці, сумленнасці і раўнапраўя, будзе садзейнічаць умацаванню навуковага патэнцыялу і росквіту нашых краін.
Сёння кіраўніцтвам Беларусі і Расіі робіцца ўсё, каб нашы народы па-сапраўднаму адчувалі сябе часткай адзінай, вялікай сям'і. І кожны з нас сваёй стваральнай працай уносіць уклад у гэтую вялікую справу.
Шчыра жадаю вам моцнага здароўя, дабрабыту, сяброўскага цяпла і ўсяго самага найлепшага!
Уладзімір КАРАНІК,
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі