Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія «Беларусы Расіі» перадала ў дар НАН Беларусі рэдкія гісторыка-культурныя выданні і дакументы
Сёння адбылася рабочая сустрэча Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзіміра Караніка са старшынёй Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Расіі» Сяргеем Кандыбовічам, падчас якой у дар Акадэміі навук перададзены рэдкія гісторыка-культурныя выданні і дакументы XVIII – пачатку XX стагоддзяў, набытыя з прыватных калекцый.
«Прадстаўленыя тамы і архіўны дакумент з’яўляюцца значнай навуковай каштоўнасцю для гісторыкаў, этнографаў, краязнаўцаў і шырокага кола даследчыкаў. Перакананы, што гэтая ініцыятыва значна ўзбагаціць нашы бібліятэчныя і архіўныя фонды і стане каштоўным укладам у развіццё навуковых даследаванняў і ўмацаванне культурна-гістарычных сувязяў паміж брацкімі народамі», – падкрэсліў Уладзімір Каранік.
Сярод уручаных выданняў: «Гомельскія народныя песні» (беларускія і маларускія), «Універсал» (рэдкі гістарычны дакумент эпохі Таргавіцкай канфедэрацыі), «Нарысы гісторыі Літоўска-Рускай дзяржавы да Люблінскай уніі ўключна», «Гісторыка-юрыдычныя матэрыялы, вынятыя з актавых кніг губерняў Віцебскай і Магілёўскай» і інш.