Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

02.04.2026

Уладзімір Каранік: чыстая вада – гэта не толькі бясцэнны дар прыроды, але і стратэгічны рэсурс дзяржавы

Чыстая вада – гэта не толькі бясцэнны дар прыроды і нацыянальны здабытак, але і стратэгічны рэсурс беларускай дзяржавы. Пра гэта паведаміў сёння на адкрыцці IV Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Новыя метады і тэхналогіі ў водазабеспячэнні і водаадвядзенні» Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік.

«Мы часам не задумваемся пра каштоўнасць такога важнага рэсурсу, як вада. Дзякуючы намаганням дзяржавы і вялікай колькасці людзей наша насельніцтва гэтым рэсурсам забяспечана. Але калі задумацца, то ў цяперашні час больш за чвэрць насельніцтва планеты не мае доступу да вады пітной якасці. Да 2050 года гэтая лічба падвоіцца і дасягне 50 %. Гэта значыць, фактычна ў бліжэйшыя гады палова насельніцтва будзе адчуваць сур'ёзныя праблемы з доступам да такога важнага рэсурсу, як вада пітной якасці. Гэта робіць яе стратэгічным рэсурсам», – сказаў ён.

Уладзімір Каранік таксама адзначыў, што перад дзяржавай і грамадствам стаіць нетрывіяльная задача: з аднаго боку забяспечыць поўную даступнасць гэтага каштоўнага рэсурсу, а з другога боку – яе захаванасць для будучых пакаленняў.

У IV Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Новыя метады і тэхналогіі ў водазабеспячэнні і водаадвядзенні» ўдзельнічала каля 140 чалавек з 50 арганізацый і профільных ведамстваў.