У 2026 годзе Фестываль навукі ўпершыню пройдзе ў новым фармаце
Сёлета галоўнае маштабнае навукова-папулярнае мерапрыемства Беларусі – Фестываль навукі – пройдзе ў абсалютна новым двухдзённым фармаце 5 і 6 верасня у самым сэрцы сталіцы, у маляўнічым Батанічным садзе. Пра гэта паведаміў сёння на працоўнай нарадзе па падрыхтоўцы і правядзенні фестывалю навукі Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Каранік. Паводле яго слоў, мінчан і гасцей мерапрыемства чакаюць незабыўныя падзеі і сапраўдны калейдаскоп уражанняў: майстар-класы і лекцыі ад вядучых экспертаў і вядомых навукоўцаў, інтэрактыўныя зоны і захапляльныя шоу.
«Мы змянілі фармат правядзення і істотна пашырылі праграму галоўнага навуковага мерапрыемства краіны, каб кожны куток фестывалю стаў крыніцай натхнення. Акадэмія навук рыхтуе спецыяльныя зоны для самых юных даследчыкаў, дзе навука ажывае ў гульнявой форме, абуджаючы цікаўнасць і цягу да пазнання, а для тых, хто шукае вострых адчуванняў, мы арганізуем экстрэмальны гастранамічны вопыт і захапляльныя навуковыя шоу, дзе кожны эксперымент – гэта маленькі цуд. Я ўпэўнены, што за гэтыя два дні многія зменяць свой погляд на свет навукі і адкрыюць для сябе новыя гарызонты магчымасцяў», – сказаў Уладзімір Каранік.
Фестываль навукі ў Мінску – гэта найбуйнейшая навукова-папулярная падзея ў Беларусі. За гады свайго існавання ён ператварыўся ў маштабную падзею, якая знаёміць мінчан і гасцей сталіцы з найноўшымі распрацоўкамі навукоўцаў і дапамагае разабрацца ў новых ведах са свету навукі і тэхналогій. 5-6 верасня 2026 года Фестываль расчыніць свае дзверы ўжо восьмы раз. Заяўкі на ўдзел прымаюцца з 6 па 30 красавіка праз сайт scifest.by/step1