Уладзімір Каранік: Лес – гэта наша неацэннае прыроднае багацце, наш гонар, і мы адчуваем адказнасць за яго захаванне і прымнажэнне
Удзел у рэспубліканскай акцыі «Лес! Дабро! Парадак!» стаў ужо добрай традыцыяй для НАН Беларусі. У гэтым годзе каманда Акадэміі навук на чале са Старшынёй Прэзідыума НАН Уладзімірам Каранікам высадзіла каля 2,5 тысячы саджанцаў елкі і дуба на тэрыторыі Валмянскага лясніцтва Мінскага лясгаса, наглядна прадэманстраваўшы, як навуковая супольнасць краіны актыўна ўдзельнічае ў вырашэнні экалагічных задач, клапоцячыся аб захаванні навакольнага асяроддзя і стварэнні зялёнай будучыні для Беларусі.
Кіраўнік НАН падкрэсліў, што клопат аб прыродзе – гэта адна з ключавых задач сучаснага грамадства, і выказаў надзею, што маладыя дрэвы прыжывуцца і будуць дарыць многім пакаленням беларусаў магчымасць адпачыць ад гарадской мітусні і атрымаць масу станоўчых уражанняў.
Рэспубліканская акцыя «Лес! Дабро! Парадак!», прысвечаная пяцігодцы якасці, абвешчанай па ініцыятыве Кіраўніка дзяржавы, стартавала 16 сакавіка. Сёлетняй вясной акцэнт зроблены на навядзенні парадку і добраўпарадкаванні.