Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

29.04.2026

У Акадэміі навук прайшла сесія Агульнага сходу НАН Беларусі

Сёння ў Акадэміі навук прайшла сесія Агульнага сходу НАН, у рабоце якой удзельнічала каля 250 прадстаўнікоў акадэмічнай, вузаўскай і галіновай навукі, а таксама органаў дзяржаўнага кіравання. На парадку дня два пытанні: справаздача аб дзейнасці НАН Беларусі ў 2025 годзе і вызначэнне задач на 2026 год, а таксама змяненне Статута Акадэміі.

З прывітальным словам да гасцей і ўдзельнікаў сесіі звярнуўся Старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Каранік. Ён адзначыў, што прынятыя сёння агульныя падыходы дазволяць рэалізаваць усе намечаныя планы максімальна хутка і якасна і забяспечаць тэхналагічны суверэнітэт нашай краіны. Паводле яго слоў, усе сфарміраваныя праграмы на наступную пяцігодку цесна ўвязаны з праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.

«Прыярытэт трэба зрушыць на тэхналогіі, якія працуюць на ўсю эканоміку. Ні для каго не сакрэт, што менавіта яны дазваляюць краіне заставацца ў авангардзе глабальнай гонкі і пазбягаць тэхналагічнага адставання», – сказаў Уладзімір Каранік.

Кіраўнік Акадэміі навук таксама падрабязна спыніўся на асноўных задачах, на вырашэнні якіх НАН Беларусі будзе канцэнтраваць увагу ў бліжэйшай і сярэднетэрміновай перспектыве. У іх ліку:
  • узаемадзеянне і кааперацыя навуковых арганізацый з зацікаўленымі арганізацыямі рэальнага сектара эканомікі для паскарэння праходжання навуковых распрацовак ад ідэі да канвеера;
  • умацаванне тэхналагічнага суверэнітэту і фарміраванне пакета крытычных тэхналогій будучыні;
  • абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай і прыборнай базы;
  • фарміраванне дастатковага навукова-тэхнічнага патэнцыялу на прарыўных і апераджальных напрамках;
  • мэтавая падрыхтоўка кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі для высокатэхналагічных галін эканомікі;
  • пашырэнне ўзаемадзеяння вучоных у рамках міжнародных навуковых інтэграцыйных аб'яднанняў;
  • папулярызацыя навуковай дзейнасці ў СМІ, сацыяльных сетках;
  • далейшае ўдасканаленне заканадаўства ў навукова-інавацыйнай сферы і інш.
«Прыярытэты – дакладна расстаўлены, напрамкі развіцця – вызначаны. Акцэнт – на сістэмнасць, выніковасць і значнасць атрыманых вынікаў для эканомікі», – падкрэсліў Уладзімір Каранік.

Аб асноўных выніках дзейнасці НАН Беларусі ў 2025 годзе ў сваім выступленні расказаў галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Васіль Гурскі. Паводле яго слоў, зацверджаныя на 2025 год паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця ў цэлым выкананы. Колькасць работнікаў Акадэміі, занятых навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі, склала 51,7 %, або 6 807 чалавек. Доля даследчыкаў ва ўзросце да 35 гадоў у арганізацыях НАН Беларусі склала 29,1 %.

Агульны аб'ём работ, выкананы ўсімі арганізацыямі НАН Беларусі ў 2025 годзе за кошт усіх крыніц фінансавання, склаў 1 464,6 млн рублёў, у тым ліку за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту – 474,5 млн рублёў. У рамках навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці бюджэтнымі і камерцыйнымі арганізацыямі выканана работ на суму 667,7 млн рублёў. Інвестыцыі ў асноўны капітал у цэлым па НАН Беларусі склалі 190,4 млн рублёў, з іх 41 % – інвестыцыі без уліку мэтавага бюджэтнага фінансавання.

У 2025 годзе Акадэмія навук з'яўлялася дзяржаўным заказчыкам 12 (з 12 выконваемых) дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў (далей – ДПНД). Арганізацыямі НАН Беларусі выканана 482 заданні адкрытай часткі плана і 729 навукова-даследчых работ (без уліку заданняў па навукова-арганізацыйнаму суправаджэнню праграм) (далей – НДР).

Створаныя ў 2025 годзе арганізацыямі НАН Беларусі ў рамках ДП, ДНТП, ГНТП і ДПНД новаўвядзенні мэтанакіравана і шырока выкарыстоўваюцца ў рэальным сектары эканомікі. Аб'ём выпуску прадукцыі (тавараў, работ, паслуг) арганізацыямі НАН Беларусі з прымяненнем 3 097 новаўвядзенняў склаў 744,2 млн рублёў, у тым ліку ў галіне аграпрамысловага комплексу – 608,1 млн рублёў; біятэхналагічнай галіны – 8,7 млн рублёў; хіміі і прыродакарыстання – 4,3 млн рублёў; оптыкі, оптаэлектронікі, лазернай тэхнікі, мікраэлектронікі і ІКТ – 8,2 млн рублёў; механікі, металургіі, матэрыялазнаўства, машынабудавання і прыборабудавання – 107,9 млн рублёў.

У рамках Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады (далей – ДПІР) рэалізавана 9 інавацыйных праектаў, з іх па 7 праектах уведзены ў эксплуатацыю і выйшлі на праектную магутнасць новыя вытворчасці, 2 знаходзяцца ў стадыі выканання.

НАН Беларусі і яе арганізацыі ажыццяўлялі міжнароднае навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва з арганізацыямі і навукоўцамі з 91 дзяржавы. За 2025 год арганізацыямі НАН Беларусі (па даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь) выраблена прадукцыі на экспарт, выканана работ (паслуг) па дагаворах з замежнымі заказчыкамі на агульную суму 88,5 млн долараў ЗША.