Сёння ў Фізіка-тэхнічным інстытуце Акадэміі навук прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 95-годдзя з дня яго заснавання. У вялікай зале сабраліся калегі, ганаровыя госці і Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік, каб павіншаваць інстытут з гэтай важнай датай. Для іх правялі экскурсію па вытворчых цэхах з сучаснымі аўтаматызаванымі комплексамі і паказалі будучыню інстытута ў прасторы «Фiзтэх: сёння і заўтра», якую адкрылі ва ўрачыстай абстаноўцы.
Звяртаючыся да калектыву і гасцей з прывітальным словам, Уладзімір Каранік адзначыў, што найважнейшай каштоўнасцю ФТІ заўсёды быў і застаецца яго калектыў – людзі, для якіх навука не проста прафесія, а прызванне. «Падрыхтаваная выстава «Фiзтэх: учора, сёння, заўтра» выклікала моцнае ўражанне, паказаўшы ўражальны шлях развіцця. Аднак, акрамя дасягненняў, ёсць нешта яшчэ больш важнае – гэта сам Фiзтэх як адзінае цэлае. Гэта, перш за ўсё, людзі – калектыў, у вачах якога гарыць агонь энтузіязму і які верыць у тое, што няма нічога немагчымага. Гэта калектыў, які гатовы брацца за самыя складаныя і амбіцыйныя праекты», – сказаў ён.
Кіраўнік Акадэміі навук таксама адзначыў, што з моманту свайго заснавання ў 1931 годзе і да нашых дзён інстытут непарыўна звязаны з гісторыяй краіны, перажываючы разам з ёй як светлыя, так і трагічныя старонкі. Калектыў заўсёды чуйна рэагаваў на выклікі часу, паспяхова спраўляючыся з задачамі, якія стаялі перад народнай гаспадаркай. У цяжкія гады iнстытут уставаў на абарону Радзімы, удзельнічаў у аднаўленні краіны пасля разбуральнай вайны, пераадольваў цяжкасці перабудоўных часоў, але заўсёды рухаўся наперад, імкнучыся да дасягнення пастаўленых мэт.
«Назіраючы за вашымі распрацоўкамі, асабліва ў галіне сплаваў, я адзначыў, што за гэтыя 95 гадоў нязменным застаецца адзін «сплаў» – гэта спалучэнне маладосці і вопыту. Гэта бясцэнны рэсурс, які дазваляе інстытуту рухацца наперад і ўпэўнена глядзець у будучыню, адкрываючы новыя гарызонты», – сказаў Уладзімір Каранік.