У Акадэміі навук адкрылася рэспубліканская школа маладых навукоўцаў «Навука – выбар будучыні»
Сёння ў НАН Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё рэспубліканскай школы маладых вучоных «Навука – выбар будучыні», у якой удзельнічае больш за 300 чалавек з усёй рэспублікі. Дадзенае мерапрыемства накіравана на падтрымку і развіццё патэнцыялу таленавітых маладых даследчыкаў, а таксама на папулярызацыю навукі.
Важным складнікам праграмы школы з'яўляецца стварэнне спрыяльнай атмасферы для камунікацыі і міждысцыплінарнага ўзаемадзеяння, што дазволіць маладым навукоўцам пашырыць кругагляд і знайсці нестандартныя рашэнні складаных задач.
Галоўны вучоны сакратар Акадэміі навук Васіль Гурскі зачытаў прывітальны адрас Старшыні Прэзідыума НАН Уладзіміра Караніка.
«У нашай краіне лепшыя маладыя розумы заўсёды заахвочваюцца і знаходзяць прызнанне. Асноўнымі відамі падтрымкі з'яўляюцца стыпендыі і гранты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, цэлы шэраг конкурсаў і прэмій ВАК, Міністэрства адукацыі, ДКНТ, – гаворыцца ў тэксце звароту. – Хачу адзначыць традыцыйныя акадэмічныя конкурсы «100 маладых талентаў» і «100 інавацый маладых навукоўцаў», гранты для маладых навукоўцаў Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў, спецыяльныя штогадовыя прэміі для маладых навукоўцаў».
Уладзімір Каранік таксама адзначыў, што дзякуючы выбудаванай дзяржаўнай сістэме навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці новае пакаленне навукоўцаў мае шырокае поле магчымасцяў для самарэалізацыі.
«Дарагія сябры! Вучыцца ніколі не позна. Але ў навуцы галоўнае не гэта. Дасягнуць сапраўдных поспехаў у даследчай дзейнасці магчыма толькі з любоўю да сваёй справы і з агнём у душы», – падкрэсліў кіраўнік Акадэміі навук.