Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын наведаў Аб'яднаны інстытут машынабудавання НАН Беларусі, дзе азнаёміўся з работай эксперыментальна-вытворчага ўчастка і галіновай лабараторыі, якая займаецца даследаваннямі, праектаваннем і выпрабаваннямі тэхнікі.
Як паведаміў намеснік дырэктара Аб'яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі Алег Елавы, спецыялісты iнстытута выпрабоўваюць супрацьударныя ўстройствы, распрацаваныя для айчыннай тэхнікі, уключаючы разлікі трываласці і дызайну. Паводле яго слоў, вопыт у мадэляванні і разліках дазваляе адразу пераходзіць да канструктарскай дакументацыі яшчэ на этапе мадэлявання, без правядзення мноства натурных выпрабаванняў.
У сваю чаргу намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Сяргей Шчарбакоў дадаў, што Аб'яднаны інстытут машынабудавання займаецца не проста машынабудаваннем, а так званай інтэлектуальнай механікай. Ён падкрэсліў, што цяпер у АІМ ідзе цэлы шэраг работ па рабатызацыі існуючых сістэм і стварэнні новых.
«Напрыклад, ужо цяпер створаны рабатызаваны «БелАЗ», які перамяшчаецца па кар'еры поўнасцю самастойна, без удзелу аператара. Мы працуем і над іншымі тэхналогіямі, працягваючы рабатызацыю праз рабатызаваны трактар МТЗ і лагістычныя каляскi ў тэрміналах. Усё гэта знаходзіцца на скрыжаванні механікі, матэрыялазнаўства, інтэлектуальных сістэм і, адпаведна, завяршаецца канчатковымі прадуктамі», – сказаў ён.
Усе работы выконваюцца ў інтарэсах айчынных машынабудаўнічых прадпрыемстваў, у тым ліку БелАЗа, МАЗа, МТЗ.
«Па сутнасці, усе буйныя і навукаёмістыя холдынгі нашай краіны працуюць з Аб'яднаным інстытутам машынабудавання. Мы выконваем таксама навукова-даследчыя і доследна-канструктарскія работы для прадпрыемстваў прыватнага сектара і, у рамках біямеханікі, з нашымі медыкамі», – сказаў Сяргей Шчарбакоў.
Ключавым напрамкам для інтэнсіфікацыі работы АIМ, як лічыць Алег Елавы, з'яўляецца канцэнтрацыя чалавечага капіталу і намаганняў у галіне праграмнага забеспячэння, што дазваляе інстытуту прапаноўваць перадавыя рашэнні для патрэб заказчыкаў.
«Чакаем павелічэння аб'ёму заказаў, большая частка якіх будзе паступаць ад Міністэрства прамысловасці і прадпрыемстваў у рамках дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм, а таксама па прамых заказах заводаў, – сказаў ён. – Інстытут прыцягваецца для вырашэння складаных навукова-тэхнічных задач, якія патрабуюць глыбокіх ведаў і інавацыйных падыходаў. Дызайн інтэр'ера, напрыклад, не з'яўляецца задачай нізкага ўзроўню складанасці, а патрабуе прымянення высокіх тэхналогій. Мы гатовыя працаваць з рознымі відамі тэхнікі: трактарнай, пасажырскай, камунальнай і грузавой».
Спецыялісты ўпэўненыя, што магчымасці АIМ дапаўняюць, а часам і замяняюць завадскія, асабліва калі гаворка ідзе пра складаныя разліковыя задачы.
Па выніках візіту Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын паставіў задачу НАН Беларусі і Мінпраму разгледзець пытанне аб надзяленні АIМ функцыямі экспертнага органа ў машынабудаванні./span>