У Акадэміі навук праходзіць Кітайска-Беларуская канферэнцыя ў галіне вытворчасці высокатэхналагічнага абсталявання
У мерапрыемстве ўдзельнічаюць прадстаўнікі навуковых арганізацый, універсітэтаў, прамысловых прадпрыемстваў і органаў кіравання Кітая і Беларусі.
З прывітальным словам да гасцей і ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік. Ён адзначыў, што канферэнцыя служыць важнай пляцоўкай для ўмацавання навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, развіцця партнёрскіх сувязяў і пошуку новых напрамкаў узаемадзеяння ў сферы высокатэхналагічнага машынабудавання і вытворчасці сучаснага абсталявання.
«Акадэмія навук мае паспяховы вопыт супрацоўніцтва з Кітаем. Асабліва хачу адзначыць стварэнне сумеснай лабараторыі «Iнтэлектуальнае зандаванне ў экстрэмальных умовах» у рамках ініцыятывы «Пояс і шлях». Гэтая лабараторыя – адзін з яркіх прыкладаў таго, як навуковае супрацоўніцтва ператвараецца ў канкрэтныя вынікі, якія маюць рэальнае значэнне для абедзвюх краін і для ўсёй сусветнай навуковай супольнасці. Мы ўпэўненыя, што менавіта такія сумесныя праекты стануць асновай для доўгатэрміновага стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Кітаем», – падкрэсліў Уладзімір Каранік.
Візіт дэлегацый Кітайскага цэнтра навукова-тэхнічнага абмену, Акадэміі навук правінцыі Шаньдун і іншых навуковых арганізацый і вышэйшых навуковых устаноў КНР у Мінск праходзіць з 11 па 18 чэрвеня. Праграмай іх знаходжання запланавана правядзенне шэрагу сустрэч і перамоў, а таксама ўдзел у Кітайска-Беларускай канферэнцыі.