У НАН Беларусі падпісалі чатыры пагадненні з Кітаем аб сумесных даследаваннях
У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця Кітайска-Беларускага альянсу супрацоўніцтва ў галіне машынабудавання. Мерапрыемства прайшло ў рамках Кітайска-Беларускай канферэнцыі, прысвечанай вытворчасці высокатэхналагічнага абсталявання.
У ходзе цырымоніі кіраўнікі сумесных лабараторый з кітайскага боку афіцыйна падпісалі пагадненне аб стварэнні альянсу, накіраванага на ўмацаванне супрацоўніцтва і развіццё інавацыйных праектаў.
Акрамя таго, у рамках канферэнцыі былі падпісаны чатыры важныя пагадненні аб сумесных даследаваннях.
Першае з іх тычыцца распрацоўкі высокаэфектыўнага ультрафіялетавага оптаэлектроннага абсталявання з тунэльным пераходам, заснаваным на малекулярна-прамянёвай эпітаксіі. Подпісы пад дакументам паставілі кіраўнікі Інстытута фізікі ім. Б. I. Сцяпанава НАН Беларусі і Інстытута лазерных даследаванняў Акадэміі навук правінцыі Шаньдун Сяргей Гапоненка і Цзя Чжунцын.
Другое пагадненне накіравана на стварэнне і тэсціраванне цэнтра ўкаранення тэхналогій прамысловай робататэхнікі ў будаўніцтве. Яго падпісалі намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце і інавацыях Аб'яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі Алег Ялавы і прадстаўнік кітайскай Shantui Construction Machinery Со., Ltd Цянь Цунфэн.
Трэцяе пагадненне прысвечана распрацоўцы ключавых тэхналогій для інтэлектуальнай сістэмы маніторынгу, прызначанай для эксплуатацыі і тэхнічнага абслугоўвання міжрэгіянальных газа- і нафтаправодаў. Подпісы пад дакументам паставілі Алег Ялавы і намеснік дырэктара Інстытута лазерных даследаванняў правінцыі Шаньдун Шан Ян.
Чацвёртае пагадненне звязана з распрацоўкай тэхналогій інтэлектуальнага мнагамернага кіравання звышхуткімі лазерамі сярэдняга інфрачырвонага дыяпазону. Яго падпісалі прадстаўнікі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і Інстытута лазерных тэхналогій Акадэміі навук правінцыі Шаньдун.