Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Каранік правёў рабочую сустрэчу з губернатарам Калужскай вобласці Расіі Уладзіславам Шапшой. Бакі абмеркавалі паглыбленне навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва ў ключавых галінах: ад машынабудавання і сельскай гаспадаркі да медыцыны і ядзерных тэхналогій.
У ходзе перамоў Уладзімір Каранік падкрэсліў, што цесная інтэграцыя навуковага патэнцыялу дзвюх краін з'яўляецца неабходнай умовай для забеспячэння тэхналагічнага суверэнітэту. Паводле яго слоў, агульная акадэмічная школа і падобныя традыцыі дазваляюць беларускім і расійскім навукоўцам эфектыўна ўзаемадзейнічаць, нягледзячы на знешнія выклікі.
«Толькі аб'яднанне нашых кампетэнцый дазволіць забяспечыць суверэнітэт і развіццё. Мы гаворым на адной мове, большая частка акадэмікаў – выхадцы з адной школы савецкай навукі. У нас аднолькавы погляд на гісторыю і падобныя традыцыі. Я ўпэўнены, што гэта супрацоўніцтва – не толькі ў навуковай, але і ў практычнай сферы – пойдзе на карысць эканомікам нашых краін», – адзначыў Уладзімір Каранік.
Кіраўнік Акадэміі навук таксама падкрэсліў, што перад навуковай супольнасцю стаіць двухадзіная задача: быць бліжэй да рэальнага сектара эканомікі і адначасова ствараць падмурак для прарыўных распрацовак будучыні.
У сваю чаргу губернатар Калужскай вобласці Уладзіслаў Шапша акцэнтаваў увагу на тым, што эканамічная кааперацыя рэгіёна з беларускімі партнёрамі сёння арыентавана на якасны рост і павелічэнне долі высокатэхналагічнай прадукцыі. Асаблівую актуальнасць гэта набывае ва ўмовах турбулентнасці і знешняга ціску.
«Мы бачылі, як хутка змяняецца сітуацыя, калі нашы ўчарашнія партнёры «выключаюць рубільнік» і мы апыняемся ў слабым становішчы. Каб гэтага не было, навука і навукова-даследчыя прадпрыемствы павінны эфектыўна працаваць, ствараючы інавацыйныя матэрыялы і тэхналогіі, якія забяспечаць нам бяспеку ад ненадзейных, як аказалася, партнёраў», – заявіў Уладзіслаў Шапша.
Губернатар вылучыў прыярытэтныя напрамкі для далейшага двухбаковага ўзаемадзеяння, сярод якіх – радыялогія, прамянёвая дыягностыка, мірнае выкарыстанне атамнай энергіі, а таксама супрацоўніцтва ў аграпрамысловым комплексе, уключаючы вытворчасць аградронаў і сумесныя праекты па селекцыі ў жывёлагадоўлі і птушкагадоўлі.
Сустрэча завяршылася пацвярджэннем гатоўнасці бакоў да пашырэння кантактаў. Уладзімір Каранік і Уладзіслаў Шапша падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Урадам Калужскай вобласці і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.