У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася рабочая сустрэча з прадстаўнікамі кітайскіх кампаній Sinopharmtech i Shanghai EDA Medical & Pharmaceutical Technology Co., Ltd.
У цэнтры ўвагі – магчымасці трансферу тэхналогій і рэалізацыі сумесных праектаў у галіне біятэхналогій і высокатэхналагічнай фармвытворчасці.
З беларускага боку ў абмеркаванні прынялі ўдзел дырэктар Інстытута фізіка-арганічнай хіміі Аляксандр Більдзюкевіч, кіраўнік Інстытута мікрабіялогіі Аляксандр Шэпшэлеў і намеснік акадэміка-сакратара аддзялення аграрных навук Святлана Касьянчык.
Ключавой тэмай абмеркавання сталі магчымасці кампаніі Shanghai EDA Medical & Pharmaceutical Technology Co., Ltd. у сферы глыбокай перапрацоўкі сельгаспрадукцыі.
Кітайскія кампаніі прэзентавалі свае кампетэнцыі ў вытворчасці крухмалу, амінакіслот і цукрыстых прадуктаў.
Акрамя таго, абмяркоўваліся комплексныя рашэнні для прамысловасці: ад укаранення энергаэфектыўных цеплаэлектрычных установак і сістэм ачысткі сцёкавых вод да паставак высокатэхналагічнага абсталявання і якаснай фармацэўтычнай сыравіны.
Бакі дамовіліся дэталёва вывучыць прапанаваныя ініцыятывы і працягнуць дыялог у фармаце відэаканферэнцый, дзе эксперты абмяркуюць канкрэтныя праекты і напрамкі для далейшага ўзаемадзеяння.