У НП «Белавежская пушча» адбылася нарада, прысвечаная развіццю Міжнароднага навукова-даследчага цэнтра вывучэння дзікай прыроды
Ключавымі тэмамі сустрэчы сталі пытанні захавання папуляцыі зуброў, селекцыйная работа і ўмацаванне міжнароднага навуковага супрацоўніцтва.
Удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі доўгатэрміновыя стратэгіі па абароне біяразнастайнасці, якія будуць рэалізоўвацца як на рэгіянальным, так і нацыянальным узроўнях.
Асаблівая ўвага была ўдзелена селекцыйнай рабоце, якая з'яўляецца падмуркам для падтрымання здароўя і стабільнай колькасці зуброў.
У ходзе нарады Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік адзначыў высокі ўзровень узаемадзеяння паміж дзяржаўнымі органамі і навуковай супольнасцю. Паводле яго слоў, захаванне біяразнастайнасці знаходзіцца ў зоне пільнай увагі кіраўніцтва краіны.
«Вельмі прыемна, што развіццё навуковага складніка ў нашай краіне – гэта не толькі клопат Акадэміі навук, але і ўсіх органаў дзяржкіравання. Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта актыўна ўзаемадзейнічае з навукоўцамі, каб забяспечыць якасны прагрэс у нашых даследаваннях і распрацоўках», – сказаў ён.
Уладзімір Каранік таксама нагадаў аб высокай адказнасці цяперашняга пакалення перад нашчадкамі.
«Мы атрымалі гэтую зямлю не ў спадчыну ад нашых бацькоў, а ўзялі ў пазыку ў нашых унукаў. І цяпер ад нас усіх залежыць, у якім выглядзе мы перададзім гэтую зямлю наступнаму пакаленню», – сказаў кіраўнік Акадэміі навук.
Новы навукова-даследчы цэнтр закліканы стаць ключавой пляцоўкай для развіцця запаведнай справы ў сістэме дзяржаўных прыродаахоўных устаноў і профільных устаноў НАН Беларусі, а таксама важным месцам міжнароднага супрацоўніцтва, дзе будуць абмяркоўвацца перадавыя рашэнні для аховы прыроды і біяразнастайнасці.