Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік правёў рабочую нараду, прысвечаную дзейнасці Беларускіх антарктычных экспедыцый (БАЭ)
У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў сустрэчы стаялі пытанні падрыхтоўкі і арганізацыі 19-й экспедыцыі.
Уладзімір Каранік адзначыў, што ўдзел Беларусі ў антарктычных даследаваннях ужо стаў важным складнікам іміджу Акадэміі навук і сімвалам прысутнасці краіны на міжнароднай навуковай арэне.
Ён падкрэсліў, што праект носіць двайны характар: з аднаго боку, ёсць іміджавы складнік – гэта дэманстрацыя нацыянальнага сцяга і навуковага патэнцыялу, з другога – сур'ёзная навуковая работа, накіраваная на атрыманне новых ведаў, якія дапамогуць пашырыць кампетэнцыі ў розных галінах навукі, як прыкладной, так і фундаментальнай.
Асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням бяспекі і кіруемасці экспедыцыі, якія застаюцца прыярытэтнымі для паспяховага правядзення даследаванняў.
Акрамя таго, на нарадзе абмеркавалі вынікі 18-й экспедыцыі і ўдзел беларускіх спецыялістаў у міжнародных мерапрыемствах, такіх як 48-я Кансультатыўная нарада па Дагаворы аб Антарктыцы і 28-е пасяджэнне Камітэта па ахове навакольнага асяроддзя.
Уладзімір Каранік таксама нагадаў, што сёлета Беларусь адзначае 20-годдзе з дня далучэння да Дагавора аб Антарктыцы.
«За гэтыя гады ўдалося зрабіць многае, у тым ліку стварыць беларускую антарктычную станцыю, якая дазваляе на сістэмнай аснове штогод праводзіць навуковыя даследаванні па шырокім спектры напрамкаў. У той жа час перад беларускімі навукоўцамі стаіць задача выйсці на новы ўзровень і прадэманстраваць міжнароднай супольнасці значнасць свайго ўкладу ў вывучэнне ўнікальных працэсаў, якія адбываюцца ў Антарктыцы», – заявіў Уладзімір Каранік.