Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

03.09.2026

Цэнтральны батанічны сад стане цэнтрам прыцягнення: 5 і 6 верасня ў Мінску пройдзе Фестываль навукі

Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі стане для мінчан і гасцей сталіцы цэнтрам прыцягнення: 5 і 6 верасня 2026 года ў Мінску пройдзе найбуйнейшая навукова-папулярная падзея краіны – Фестываль навукі. Пра гэта сёння паведаміў на прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў СМІ кіраўнік Акадэміі навук Уладзімір Каранік. Ён выказаў надзею, што маштабнае мерапрыемства прыцягне моладзь у навуку і паслужыць стымулам для заняткаў навуковымі даследаваннямі.

«У нашага мерапрыемства некалькі акцэнтаў. Першы і галоўны – папулярызацыя навукі. Мы вельмі спадзяёмся, што сярод тысяч юных беларусаў, якія наведаюць Фестываль, загарацца вочы і ўзнікне жаданне стаць даследчыкамі. Акрамя таго, гэта добрая магчымасць для маладых даследчыкаў пагутарыць, абмяняцца ідэямі, наладзіць новыя кантакты. І, магчыма, гэтыя зносіны на Фестывалі навукі прывядуць да таго, што з часам мы ўбачым новыя навуковыя міждысцыплінарныя калектывы з маладых даследчыкаў, якія ўнясуць важкі ўклад у развіццё нашай навуковай школы», – сказаў ён.

Таксама Старшыня Прэзідыума НАН адзначыў значнае міжнароднае прадстаўніцтва цяперашняга мерапрыемства. Так, у гэтым годзе ўпершыню ў Фестывалі навукі прымуць удзел больш за 30 навуковых і адукацыйных устаноў Расіі.

Варта адзначыць, што кожны год праграма Фестывалю ўнікальная, яна не паўтараецца і падыдзе для наведвальнікаў усіх узростаў і інтарэсаў. Пляцоўкі ахопліваюць самыя розныя вобласці навукі: касмічныя тэхналогіі, медыцыну, новыя матэрыялы, гуманітарныя навукі, прадукты харчавання, экалогію, інжынерыю і робататэхніку.

5 верасня на пляцоўцы «Космас» гасцей Фестывалю чакае сустрэча з расійскім касманаўтам Алегам Арцем'евым. У гэты ж дзень, 5 верасня, і на пляцоўцы АТАМТЕАМ ад Iнжынірынгавага дывізіёна Дзяржкарпарацыі Расатам адбудзецца сустрэча з фізікам і папулярызатарам навукі Уладзімірам Сурдзiным, а 6 верасня – з вынаходнікам Андрэем Бахмецьевым. Акрамя таго, можна будзе адчуць сябе ў ролі знаўцы ў сапраўднай гульні «Што? Дзе? Калі?».


На пляцоўцы «Iнтэлектуальныя тэхналогіі» разгорнецца маштабны турнір робатаў, дзе наведвальнікі і вопытныя ўдзельнікі пазмагаюцца ў 5 тыпах спаборніцтваў на дронах і кіруемых мадэлях. Таксама на лакацыі можна будзе паглядзець на сапраўдны аэрастат.

Важнай часткай праграмы 5 верасня стане круглы стол, прысвечаны папулярызацыі навукі ў Беларусі, з удзелам кіраўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Міністэрстваў адукацыі РБ і РФ, а таксама прадстаўнікоў бізнесу. 6 верасня пройдзе круглы стол з удзелам навукоўцаў і прадстаўнікоў культурных індустрый, прысвечаны інтэграцыі навукі і мастацтва.

Кульмінацыяй першага дня Фестывалю стане вячэрняя праграма, якая пройдзе з 19.00 да 22.00 на цэнтральнай пляцоўцы. Наведвальнікаў чакаюць захапляльныя навуковыя шоу пра электрычнасць і навуку феерверкаў, а таксама выступленне музычнага гурта пад акампанемент катушкі Тэсла. Упершыню ў Беларусі адбудзецца прэм'ера ўнікальнай пастаноўкі пластычнага навуковага тэатра «Суперпазіцыя», дзе акцёры сімваламі танца і музыкі дэманструюць прынцыпы тэорыі квантавай заблытанасці.

Арганізатар мерапрыемства – Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Дзякуючы падтрымцы генеральнага партнёра – Альфа Банка – уваход на Фестываль для ўсіх наведвальнікаў будзе свабодным.

Чакаем вас на Фестывалі навукі 5 і 6 верасня 2026 г. у Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі з 11:00 да 19:00, з 19:00 да 22:00 у той жа лакацыі пройдзе вячэрняя праграма.

Падрабязная праграма на сайце Фестывалю навукі:www.scifest.by
Тэгi
#падзеі