Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

09.11.2015

Намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Кілін прыняў удзел у VII Сусветным навуковым форуме ААН

Намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Кілін прыняў удзел у працы VII Сусветнага навуковага форуму ААН, які адбыўся 4-7 лістапада 2015 года ў сталіцы Венгрыі, г. Будапешце. Арганізатарамі форуму выступілі: Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА), Міжнародны навуковы савет (ICSU), Венгерская акадэмія навук, Амерыканская асацыяцыя па прасоўванні навукі (AAAS), Сусветная акадэмія навук (TWAS), Навуковы кансультатыўны савет еўрапейскіх акадэмій навук (EASAC), а таксама прадстаўнікі Кансультатыўнага савета па пытаннях навукі краін “Вялікай сямёркі”. Форум праводзіцца кожныя два гады і выступае ў якасці платформы для абмену вопытам і ведамі паміж навуковымі коламі і грамадствам. Дэвіз сёлетняга мерапрыемства – “Рэалізуючы магчымасці навукі” (Enabling power of science). На яго прыехалі каля 900 удзельнікаў з не менш чым ста краін свету. На адкрыцці выступілі прэзідэнт Венгерскай акадэміі навук Ласла Ловіш і прэм’ер-міністр Віктар Орбан, сярод спікераў было шмат грамадскіх дзеячаў, дэпутатаў, прадстаўнікоў урадаў і чыноўнікаў, якія ўдзельнічаюць у выпрацоўцы навуковай і адукацыйнай палітыкі ў сваіх краінах. Намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Кілін прыняў удзел у мерапрыемствах форуму, правёў шэраг дзелавых перагавораў аб развіцці перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва НАН Беларусі і іншых навуковых арганізацый. У цяперашні час рыхтуецца пагадненне аб умацаванні навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж НАН Беларусі і Венгерскай акадэміяй навук.