Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

11.11.2015

У НАН Беларусі адбудзецца публічная лекцыя вядомага расійскага вучонага пра прыроду цёмнай энергіі

Чаму ў Сусвеце ёсць рэчыва і няма антырэчыва? Наколькі адрозніваецца канчатковы час жыцця чорных дзірак? Чаго нам чакаць ад фізікі элементарных часціц у бліжэйшыя 10 гадоў? На гэтыя і іншыя пытанні ў ходзе публічнай лекцыі адкажа адзін з вядучых сусветных спецыялістаў у галіне квантавай тэорыі поля, фізікі элементарных часціц і касмалогіі, доктар фізіка-матэматычных навук, акадэмік РАН Валерый Анатольевіч Рубакоў, тэма якой - найцікавейшыя загадкі Сусвету: цёмная матэрыя і цёмная энергія.

На думку вучонага, цёмная энергія - значна больш дзіўная субстанцыя, чым цёмная матэрыя. Яна не збіраецца ў згусткі, а раўнамерна “разліта” ў Сусвеце. У галактыках яе столькі ж, колькі па-за імі. Самае незвычайнае тое, што цёмная энергія ў пэўным сэнсе адчувае антыгравітацыю. Сучаснымі астранамічнымі метадамі можна не толькі вымераць цяперашні тэмп пашырэння Сусвету, але і вызначыць, як ён змяняўся з часам. Астранамічныя назіранні сведчаць пра тое, што сёння (і ў недалёкім мінулым) Сусвет пашыраецца з паскарэннем: тэмп пашырэння расце з часам. У гэтым сэнсе і можна гаварыць пра антыгравітацыю: звычайнае гравітацыйнае прыцягненне запавольвала б разбяганне галактык, а ў нашым Сусвеце, атрымліваецца, усё наадварот.

Такая карціна не супярэчыць агульнай тэорыі адноснасці, аднак для гэтага цёмная энергія павінна валодаць адмысловай уласцівасцю - адмоўным ціскам, што рэзка адрознівае яе ад звычайных формаў матэрыі. Мы зможам даведацца ў дэталях пра гіпотэзу вучонага адносна галоўнай загадкі фундаментальнай фізікі XXI стагоддзя - прыродзе цёмнай энергіі.

Лекцыя адбудзецца 13 лістапада 2015 года ў 11.00 па адрасе: пр-т Незалежнасці, 66, Вялікая канферэнц-зала. Уваход свабодны.

Арганізатар: Часопіс “Навука і інавацыі”