Мэта мерапрыемства - даць навуковай супольнасці пляцоўку для абмеркавання і абмену вопытам у галіне ўстойлівага кіравання балотнымі экасістэмамі, ацэнкі эмісіі парніковых газаў з балот і асушаных тарфянікаў, выкарыстанні балотнай расліннасці для вытворчасці біяпаліва і прамысловай сыравіны. У рамках семінара асаблівая ўвага будзе нададзена рэалізацыі ў Рэспубліцы Беларусь канцэпцыі палюдыкультуры (выкарыстанне біямасы абводненых тарфянікаў для вытворчасці энергіі і сыравіны) у якасці эканамічна і экалагічна больш прывабнай альтэрнатывы асушэнню балотных экасістэм.
Адкрыццё канферэнцыі - 16 лістапада 2015 года ў 9.30.
Месца правядзення - канферэнц-зала экспазіцыйнай аранжарэі Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі, г. Мінск, вул. Сурганава 2в.
Ва ўсім свеце тарфяныя экасістэмы іграюць важную ролю ў захаванні сусветнай біяразнастайнасці, з’яўляюцца адным з найбуйнейшых сховішчаў вугляроду сярод наземных экасістэм, важнай крыніцай водных рэсурсаў. У Рэспубліцы Беларусь плошча тарфянікаў складае каля 14,2% ад усёй тэрыторыі, і на сённяшні дзень менш за палову з іх захавалася ў натуральным стане. Гэта абумоўлена тым, што, як правіла, выкарыстанне тарфяных экасістэм звязана з іх асушваннем, з мэтай вядзення сельскай гаспадаркі, павышэння прадуктыўнасці лясоў або здабычай торфу. Адным з вынікаў асушэння балот з’яўляецца раскладанне назапашанага раней торфу, што прыводзіць да эмісіі парніковых газаў (дыяксіду вугляроду і закісу азоту) і негатыўнага ўздзеяння на сусветную кліматычную сістэму. Такім чынам, важнай задачай з’яўляецца распрацоўка канцэпцыі ўстойлівага выкарыстання тарфяных экасістэм, з мэтай скарачэння эмісіі парніковых газаў, захавання іх экалагічных функцый і адначасовага атрымання эканамічнай выгады ад гэтых тэрыторый.
Адным з такіх кірункаў з’яўляецца ўкараненне канцэпцыі палюдыкультуры на беларускіх тарфяных экасістэмах. Палюдыкультура (ад лацінскага «palus» - балота) - гэта збор і выкарыстанне расліннай біямасы на обводненых тарфяніках з мэтай яе далейшага выкарыстання ў якасці вытворчай сыравіны (напрыклад як будматэрыял) альбо аднаўляльнага біяпаліва. Такі спосаб выкарыстання балотных экасістэм дазваляе захаваць тарфяны пласт і асноўныя іх экалагічныя функцыі.