Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

02.12.2015

На 81-м годзе пайшоў з жыцця акадэмік НАН Беларусі Станіслаў Аляксандравіч Астапчык

1 снежня 2015 года на 81-м годзе жыцця памёр буйны вучоны ў галіне матэрыялазнаўства ў машынабудаванні, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР у галіне навукі, Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Станіслаў Аляксандравіч Астапчык.

Уся працоўная дзейнасць акадэміка Астапчыка была звязана з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. У 1960 годзе ў Фізіка-тэхнічным інстытуце АН БССР пачаўся яго працоўны шлях, тут ён прайшоў усе прыступкі росту: ад старшага інжынера да дырэктара, стаў кандыдатам тэхнічных навук (1966), доктарам тэхнічных навук (1980), прафесарам, акадэмікам НАН Беларусі (1986 ).

С.Астапчык быў аўтарытэтным вучоным у галіне фізікі метастабільных станаў, фазавых і структурных ператварэнняў, тэрмакінетыкі рэкрышталізацыі, гамагенных і гетэрагенных дыфузійных працэсаў з рухомай і нерухомай межамі. Шырокае прызнанне атрымалі яго фундаментальныя навуковыя працы ў галіне фізікі фазавых і структурных ператварэнняў пры ўздзеянні інтэнсіўных патокаў энергіі.

Прэзідыум НАН Беларусі і Аддзяленне фізіка-тэхнічных навук НАН Беларусі глыбока смуткуюць у сувязі са смерцю акадэміка Астапчык С.А. і выказваюць глыбокія спачуванні родным і блізкім нябожчыка.

Развітанне са Станіславам Аляксандравічам Астапчыкам пройдзе 3 снежня 2015 года з 11.00 да 13.00 у галоўным корпусе НАН Беларусі (Мінск, пр. Незалежнасці, 66).

Пахаванне адбудзецца 3 снежня 2015 года ў 14.00 на Усходніх могілках.