На ўрачыстым пасяджэнні за шматгадовую плённую навукова-даследчую дзейнасць па вывучэнни і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны краіны падзякамі Інстытута гісторыі былі ўзнагароджаны супрацоўнікі замкавага комплексу, а навукоўцы Інстытута Анастасія Скеп’ян і Аляксей Шаланда - падзячнымі лістамі Музея. Інстытут гісторыі НАН Беларусі перадаў для часовага экспанавання ў Музеі ўнікальныя археалагічныя артэфакты, сярод якіх арыгінальны фаянсавы посуд XVIII стагоддзя Свержанскай мануфактуры, а таксама мартырная бомба (вага 50 кг, дыяметр - 30 см) XVII-XVIII стст.
Важнымі напрамкамі супрацоўніцтва Інстытута гісторыі НАН Беларусі і Музея “Замкавы комплекс “Мір” на бліжэйшыя гады стануць археалагічныя даследаванні на тэрыторыі замкавага комплексу, а менавіта, палаца князёў Святаполк-Мірскіх, а таксама правядзенне навуковых міжнародных канферэнцый, падрыхтоўка і публікацыя выданняў па гісторыі Беларусі ў сярэднія вякі і новы час. Супрацоўнікі Інстытута гісторыі будуць ажыццяўляць навуковае суправаджэнне далейшых даследаванняў шэрагу аб’ектаў, якія ўваходзяць у замкавы комплекс, а таксама дапамагаць папаўняць калекцыі і экспазіцыі музея новымі артэфактамі.
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі
Лакіза В.Л.