Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

06.01.2016

НАН Беларусі назвала Топ-10 вынікаў за 2015

Па выніках праведзенага конкурсу на адкрытым Бюро Прэзідыума НАН Беларусі прынята рашэнне прызнаць Топ-10 вынікаў Акадэміі навук за 2015 год у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў. Вынікі апублікаваны ў вядучых сусветных і айчынных навуковых выданнях з высокім імпакт-фактарам.
  1. У Аб’яднаным інстытуце праблем інфарматыкі і Інстытуце біяарганічнай хіміі на аснове камп’ютарнага скрынінга і мадэлявання выяўлены новыя нізкамалекулярныя хімічныя злучэнні з араматычнымі фрагментамі, якія фарміруюць перспектыўныя базавыя структуры для стварэння эфектыўных лекавых прэпаратаў супраць ВІЧ / СНІД з шырокім спектрам нейтралізуючага дзеяння.
  2. У Інстытуце фізікі створаны новыя нанаразмерныя глабулярныя фатонныя крышталі, запоўненыя актыўнымі да камбінацыйнага рассеяння рэчывамі, і прадэманстраваны магчымасці фарміравання на іх базе кампактных нелінейна-аптычных пераўтваральнікаў лазернага выпраменьвання і сэнсараў для аналізу малых колькасцей рэчываў.
  3. У НПЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве ўстаноўлена прырода моцных станоўчых абменных узаемадзеянняў у магнітных паўправадніках, што забяспечвае з’яўленне новых матэрыялаў з высокімі тэмпературамі ферамагнітнага ўпарадкавання для прымянення ў спінтроніцы.
  4. У Інстытуце механікі металапалімерных сістэм імя У.А.Белага (г. Гомель) выяўлены эфекты праяўлення звышкрытычнага стану ў палімерах, падвергнутых у вакууме ўздзеянню выпраменьвання СО2 - лазера, у выніку чаго палімеры набываюць мадыфікаваную малекулярную будову, якая прыводзіць да абляцыі політэтрафторэтылену з высокім выхадам валакніста-порыстых прадуктаў.
  5. У Інстытуце фізіка-арганічнай хіміі распрацавана тэрмадынамічная і квантава-хімічная мадэль пераважных комплексаў іанітаў з вадой у працэсе гідратацыі, якая дазволіла візуалізаваць іх атамарную будову, стан пратону, іёнаў літыю і натрыю, а таксама з высокай дакладнасцю вызначыць макраскапічныя ўласцівасці гэтых матэрыялаў.
  6. У Інстытуце біяарганічнай хіміі вызначаны высокаактыўны інтэрмедыят у рэакцыі ператварэння халестэрыну ў прэгненалон (окса-комплекс у актыўным цэнтры фермента гідраксілазы / 20,22 ліазы), што стала асноватворным для выяўлення механізму ўзнікнення паталагічных станаў, звязаных з парушэннем біясінтэзу стэроідных гармонаў.
  7. У Інстытуце біяарганічнай хіміі і Інстытуце мікрабіялогіі ўстаноўлены малекулярны механізм актывацыі ключавога біякаталізатара ў сінтэзе кампанентаў нуклеінавых кіслот (пурыннуклеазід фосфарылазы), які дазволіў вызначыць зыходныя нуклеазіды для стварэння лекавых прэпаратаў з проціпухліннай і супрацьвіруснай актыўнасцю і сінтэзаваць фармакалагічна перспектыўныя фторвытворныя дэзоксі- і дыдэзоксінуклеазідаў.
  8. У Інстытуце біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў (г. Гродна) выяўлена, што наяўнасць гена, які трансфармуе пухліну гіпофізу (PTTG), з’яўляецца неабходным фактарам, які рэгулюе развіццё фібрагенезу пры фіброзе / цырозе печані, які разглядаецца, як новая мішэнь для фармакатэрапіі.
  9. У Інстытуце гісторыі выяўлены і сістэматызаваны раней невядомыя помнікі гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі і славянскай культуры (комплекс “Васілеўшчына”), якія дазваляюць рэканструяваць гістарычныя падзеі, лад жыцця і побыту ў X-XII стст., канкрэтызаваць этапы засялення беларускіх зямель славянамі, што ўяўляе асаблівую каштоўнасць для сусветнай гістарычнай навукі і культуры.
  10. У Інстытуце глебазнаўства і аграхіміі распрацаваны новыя біяхімічныя і мікрабіялагічныя крытэрыі фарміравання ўрадлівасці дзярнова-падзолістых і суглінкавых глеб, якія дазваляюць ацаніць актыўнасць працэсаў мінералізацыі і гуміфікацыі ў цыклах вугляроду і азоту, і стварыць методыку накіраванай трансфармацыі арганічнага рэчыва глебы.